Ці ёсць сёння запатрабаванасць на “этна”? У Гродне абмеркавалі месца “саломкі і буслоў” у сучаснай Беларусі
Абстаноўка, як і мае быць у антыкафэ, панавала нефармальная. Удзельнікі былі ўсіх узростаў: ад маленькіх дзетак, якія прыйшлі з бацькамі, да ўжо вельмі сталых асоб. Нямала было моладзі. Вольных месцаў на крэслах і канапах не засталося.
На адкрыцці выставы ўсе жадаючыя маглі азнаеміцца з праектамі, так ці інакш звязанымі з этна. Тут і стылізаваная мэбля, і дробныя карысныя рэчы, кшталту лямпы, штопара ці пластыра, элементы вопраткі і інтэр’ераў, забаўкі. Ёсць нават дзвярная ручка з матывам беларускага ручніка. Пабачыць можна і праект цэлай кватэры, а нават дома. Адпаведны фон для прагляду прац стваралі адмыслова запрошаныя музыкі.
Ток-шоў праходзіла пад слоганам “Саломка і буслы: разбураем стэрэатыпы”. Наглядным прыкладам, з якога пачалася размова, паслужыў павук, што вісеў пад столлю. Ён быў зроблены, як і трэба, з саломак, вось толькі не звыклых нам, а пластыкавых, для піцця.
У пачатку вядучыя пацікавіліся пра замежны досвед вяртання этна-тэматыкі ў публічную прастору. Алена Трафімава (на фота ніжэй злева), арганізатарка Этнапраекта, беларуская дызайнерка, што жыве ў Польшчы, расказала пра ўзровень зацікаўленасці традыцыйнай культурай у нашых заходніх суседзей.
“У Польшчы значна раней з’явілася цікавасць да вёскі. У вёску скіроўваліся мастакі ў пошуках натхнення яшчэ ў пазамінулым стагоддзі. Шапен таксама натхняўся польскай вёскай. Калі казаць пра ХХІ стагоддзе, дык у час нядаўняга старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе афіцыйным сувенірам была выбраная праца маладых дызайнераў – драўляная юла размаляваная ў рэгіянальныя матывы”.
Пра сябе Алена сказала: “Этна выклікае ў мяне асаблівыя эмоцыі. Мне проста блізкая сама тэма. Мабыць, таму, што ў дзяцінстве я таксама шмат ездзіла ў вёску”.
Але ці ўвогуле гэта патрэбна беларусам? Ці можа этна-вытворчасць стаць масавай, або такія рэчы будуць элітарнымі? Калі ў залы спыталі, хто мэтанакіраваны шукае і купляе традыцыйныя рэгіянальныя тавары, толькі чатыры чалавекі паднялі рукі. Да таго ж, доўгі час усё, што ішло з вёскі, успрымалася як нізкае, калгаснае, несучаснае.
Ігар Міхна (на фота ўверсе ў цэнтры), кіраўнік мінскай этна-крамы “Рагна”:
“Нас заўсёды кармілі нечым новым. Мы прывыклі да гэтай плыні. Але трэба прытармазіць. У нас ёсць праверанае старое, чаму б яго не выкарыстоўваць? Мы можам аналізаваць, шукаць, але зараз нават сучасная беларуская музыка выклікае ў многіх здзіўленне. Уся гэтая лухта, лямпачкі Ільіча і г.д. замяніла тое, што ў нас было”.
Развіваючы тэму госць даў зразумець, што, на яго думку, ўсё закладаецца яшчэ ў дзяцінстве:
“Глабалізацыя прынесла нам мульцікі тыпу “Том і Джэры”. Зараз у нас як? Дзяці прадстаўлены самі сабе. Ім уключаць мульцік – і радуюцца: “Вось, нарэшце, можна спакойна посуд памыць”. Тут жа Ігар Міхна прывёў свой прыклад выхавання: “У мяне ў сям’і размаўляюць на беларускай мове – і тут не можа быць ніякай талерантнасці. Кожны адказвае за сваё дзіця. Мая дачка ходзіць у Макдональдс раз у год. Бо я не хачу забіваць яе за свае ж грошы”.
Дасталося і сістэме адукацыі. Адна з удзельніц згадала, што ў дзіцячым садку павінны быць і выцінанка, і саломка, і іншыя формы знаёмства з традыцыяй, але гэта проста не патрэбна выхавацелям.
Пра абыякавасць узгадала і адна з уладальніца антыкафэ Кацярына: “З нашага універсітэта, з факультэта мастацтваў ніхто не прыйшоў. Хаця я сама аднесла туды афішу. Калі тэма не цікавіць тых, хто мае непасрэдныя адносіны да культуры, то як быць?”
Закідам у бок майстроў было тое, што вытворцы часта падстройваюцца пад спажыўца, якому аўтэнтычная, а значыць адзінкавая і каштоўная, прадукцыя не патрэбна. Наогул, ці ў стане беларусы купляць рэчы, створаныя ўручную, а не прамысловым спосабам?
“Калі спадабаецца – купяць. Айфоны вунь купляюць за 500 даляраў”, – катэгарычна заявіў Ігар Міхна. “А вось я купіла кашулю не ручной, а машыннай вышыўкі, бо магла яе сабе дазволіць па кошце. Хто захоча – знойдзе выхад”, – сказала адна з удзельніц. Многія з прысутных пагаджаліся, што дызайнерскае выкарыстанне этнічных матываў у масавай вытворчасці магло б узмацніць моду на этна ў Беларусі. Прыкладам з выставы “Этнадызайн”, да якога найчасцей звярталіся ў час ток-шоў, былі медычныя пластыры, упрыгожаныя традыцыйнымі матывамі.
Але масавы друк тых самых кашулек – не панацэя. Ігар Міхна паскардзіўся:
“Я бачыў людзей, якія штампуюць кожны дзень нейкія быццам бы гістарычныя глупствы на майкі. А калі я прапаноўваю за тую ж суму зрабіць мне на заказ нешта сапраўднае, мне даводзіцца доўга чакаць. Ім прасцей гнаць гэты кіч, чым зрабіць аўтэнтыку. Бізнес – гэта місія. Мы прадаем не тавар, а канцэпцыю”.
“Мы можам пайсці на кампраміс з пакупнікамі, але не з уласным сумленнем”, – патлумачыла сваю пазіцыю Яўгенія Станіна (на фота наверсе злева), гаспадыня галерэі “Ткалля”.
Вяртаючыся да тэмы масавай вытворчасці, прысутняы спыталіся ў Алены Трафімавай, якія ідэі, створаныя ў межах этнапраекта, ўдалося рэалізаваць. Аказалася, што масавай вытворчасці не дачакаўся ніводны з праектаў. У адзінкавым экзэмпляры існуе экалагічны дом з самага першага Этнапраекта, які прайшоў у 2011 годзе. Ён пабудаваны недалёка ад Мінска, там ёсць сонечныя батарэі і наогул ён вельмі танны ў забяспечанні.
Скончылася дыскусія пытаннем: што можам зрабіць менавіта мы? Ігар Міхна тут жа жартам прапанаваў на кожным полі пакідаць пасля праходу камбайнаў па адным снапе, каб майстры мелі матэрыял для працы. А калі сур’ёзна, дык парада мінскага госця была лаканічнай, але складанай – натхняць людзей сваім прыкладам.
Гаспадары галерэі “Ткалля” адмыслова для ўдзельнікаў сустрэчы прыгатавалі партыю традыцыйных гарадзенскіх пернікаў
Здымкі Яна Лялевіча і Юлі Каляды