Ці былі на баку Каліноўскага праваслаўныя?

У сучаснай беларускай навуковай традыцыі склалася меркаванне, нібыта падчас Паўстання 1863 года праваслаўныя жыхары “Северо-западного края” з’яўлялася ворагамі паўстаннцаў і хаўруснікамі царскай улады. Паўстанцы, маўляў, вешалі бацюшак і палілі цэрквы, царскія карнікі – вешалі ксяндзоў і зачынялі касцёлы, праваслаўныя сяляне – здавалі паўстанцаў царскім карнікам… То бок, паўстанне выглядала хутчэй на міжканфесійны канфлікт – як у Босніі і Герцагавіне.

 

Такое меркаванне цалкам адпавядае пазіцыям заходнерусістаў, якія “не заўважаючы” беларускі народ, бачаць толькі супрацьстаянне “праваслаўных-рускіх” і “каталікоў-палякаў”. Маўляў, Беларусь – такі сабе Ольстэр з ангельцамі-пратэстантамі ды ірландцамі-каталікамі, альбо Балканы, дзе нацыянальная прыналежнасць шчыльна павязаная з канфесіяй (сербы – праваслаўныя, харваты – каталікі, баснійцы – мусульмане). Але акурат на Беларусі падобны падзел – немажлівы, а кожная спроба прывязаць нацыянальнасць да канфесіі абарочваецца спробай раз’яднаць беларусаў у пэўных мэтах.

 

Дык ці бралі праваслаўныя вернікі ўдзел у Паўстанні на баку Каліноўскага?

 

Першым даследваў удзел праваслаўнага духавестна ў Паўстанні публіцыст і грамадскі дзеяч міжваеннага часу Ян Пазняк (дзед Зянона Пазняка). Ён знайшоў ажно 14 праваслаўных святароў (!), якія прымалі ўдзел у Паўстанні, і былі пакараныя за гэта. Напрыклад, Канстанцін Юрашкевіч альбо Мікалай Мароз. Айцец Мікалай – святар Пінскага ўезда, які быў сасланы на катаргу па асабістым загадзе Мураўёва, як палітычны злачынца, на 10 год.

 

1 снежня 1937 г. Ян Пазняк (на фота) нават пісаў ліст палескаму ваяводу з прапановай ушаноўваць праваслаўных святароў-паўстанцаў праз усталяванне мемарыяльных дошак. Але яму адмовілі і… залічылі ў спіс ненадзейных. Міжваеннай польскай уладзе таксама была выгаднай канфрантацыя “праваслаўны/каталік” і тэза аб схізматыках сярод паўстанцаў выглядала даволі крамольна… Дарэчы, сам Пазняк паходзіў з каталіцкай сям’і і не павінен быў бы мець сантыментаў для праваслаўных за звычайнай логікай.

 

Вось яшчэ цікавы факт: у атрадзе Каржанеўскага ўдзельнічаў праваслаўны манах (!) з Супрасльскага манастыра (акурат туды ссылалі дажываць свой век упартых прадстаўнікоў уніяцкага духавенства, якія не хацелі перахрычшвацца пасля скасавання Уніі ў 1839). Больш за тое, у справаздачах уездных турмаў у 1864 была ўведзена графа: колькасць іереманахаў. Там іх няшмат, але сам факт прымушае задумацца.

 

Удзел праваслаўнага духавенства можна адсачыць па архіўных дакумантах, якія захоўваюцца ў Пецярбрурзе, Маскве альбо Варшаве. Дакуманты і сведчанні падобнага характару, якія знаходзяцца ў руках БПЦ, наўрадці хутка стануць дастаяннем грамадскасці, зноў жа, праз зацікаўленасць пэўных колаў у захаванні антаганізму “праваслаўны/каталік”. Дастаткова згадаць хаця б прапагандысцкую брашуру “Дастаеўскі і Каліноўскі”, якая выйшла з друку ў Жыровіцкім манастыры ў 2008 (там Каліноўскі параўноўваецца з персанажам “Бесаў” Дастаеўскага), а таксама рэгулярныя заявы афіцыйных прадстаўнікоў БПЦ.

 

Што тычыцца сялян, удзельнікаў Паўстання, то іх веравызнанне ў дакумантах не пазначалася, магчыма з-за часова абавязанага стану. Мажліва, веравызнанне не ўказвалася і па ідэалагічных меркаваннях. Навошта ведаць грамадству, што праваслаўны селянін паўстаў супраць цара?

Лічыцца, што праваслаўная шляхта не брала ўдзелу ў Паўстанні па той простай прычыне, што яе фактычна не засталося пасля паланізацыі і масавага пераходу ў каталіцтва дваранскага саслоўя за часамі Рэчы Паспалітай. Пры гэтым цікавай падаецца знойдзеная выява “чорнай біжутэрыі” – моднага патрыятычнага ўпрыгожвання часоў Паўстання – выкананая цалкам у праваслаўнай стылістыцы з яскравым васьміканцовым крыжом (на фота вышэй).

Магіла забітага расейцамі ксяндза Фалькоўскага, Ліда

 

Прынцыповым у  дадзеным пытанні з’яўляецца яшчэ адзін момант: у першай палове 1863 за чытанне паўстанцкага маніфесту ў касцёлах былі арыштаваныя і страчаныя ксяндзы Ішора, Зямацкі ды Фалькоўскі з Лідчыны. Рашэнне прымаў асабіста Мураўёў. Важна, што Мураўёў замяніў (!) выракі з высылкай на катаргу – расстрэламі. Па-першае, такім чынам ён давёў, што царская адміністрацыя не спыніцца ні перад чым. Па-другое, уласнаручна рыхтаваў глебу да міжканфесійнай вендэты ў краі… У яго гэта атрымалася. Забойствы праваслаўных святароў, якія ўсё ж такі мелі месца, прыходзяцца на другую палову 1863 як рэакцыя на рэпрэсіі з боку акупантаў. То бок, расейцы пачалі гэты канфлікт першымі.

Паўстанцкі малюнак з пагрозамі праваслаўнаму папу, Піншчына

 

Сам Каліноўскі не мог не разумець разбуральнага эфекту міжканфесійнага канфлікту, які ўдала выкарыстоўваўся царскім урадам, таму, будучы паводле паходжання каталіком, агітаваў за вяртанне да Уніі, памяць пра якую яшчэ была жывой сярод простых людзей: “З дзядоў і прадзедаў была ў нас уніяцкая вера, гэта значыць, што мы, будучы грэцкай веры, прызнавалі за намеснікаў Боскіх святых айцоў, што ў Рыме. Царом маскоўскім і гэта стала завідна, для таго, скасаваўшы ў Маскве грэцкую веру, а зрабіўшы царскую, што называецца праваслаўе, і нас адарвалі ад праўдзівага Бога і ўпісалі ў сызму пагану”.

 

Што такое “грэцкая вера”? Не што іншае, як Унія, дзе службы праходзяць паводле праваслаўнага (грэцкага) абраду, але царкоўная іерархія падпарадкоўваецца Ватыкану. Зразумела, што такое праваслаўе было куды больш блізкім прадстаўнікам паняволенага народу, чым  навязанае з ненавіснай Масквы. Такім чынам Каліноўскі выступаў выключна супраць “казёнага”, навязанага Масквой праваслаўя пасля гвалтоўнага скасавання Уніі ў 1839.

 

Тым не менш, гісторыя расставіла свае акцэнты: пасля паразы Паўстання на тэрыторыі Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губерняў у праваслаўе было перахрышчана каля 70 000 чалавек. Чарговы раз народ аказаўся штучна падзеленым па рэлігійнай прыкмеце, чарговы клін быў убіты паміж учорашнімі сваякамі, сябрамі, суседзямі.