Жалезныя нашчадкі таварыша Дзяржынскага

|

Я вельмі цікавіўся гісторыяй і, канешне, хацеў наведаць  мясціны, дзе пачынаўся жыццёвы шлях першага савецкага чэкіста. Аднак з самага пачатку ў гэтым мерапрыемстве нешта не заладзілася. Спачатку спусціла кола. Толькі памянялі яго, як нешта зламалася ў маторы. Вадзіцель стаў рамантаваць, але хутка зразумеў, што гэта надоўга. Наша паездка закончылася, ледзьве пачаўшыся. Быццам нейкія вышэйшыя сілы супраціўляліся ёй.

 

З тае пары пра Дзяржынскага я даведаўся шмат чаго цікавага. А сярод архіўных дакументаў давялося адшукаць сёе-тое пра жалезных нашчадкаў вернага рыцара рэвалюцыі. Вось, напрыклад, 24 жніўня 1945 у вёску Крывічы, што ў Іўеўскім раёне, завітала спецыяльная аператыўная група з ваеннаслужачых 262-га стралковага палка ўнутраных войск НКУС СССР. Мэта – садзейнічанне сялянам у адпраўцы так званага чырвонага абоза. Гэта азначала, што мясцовыя жыхары быццам бы сабраліся разам і вырашылі накіраваць “для фронта, для Перамогі” пэўную колькасць (і немалую) зерня з новага ўраджаю. Вядома ж, бясплатна. “Для фронта” – тут ніякай памылкі няма, таму што баі яшчэ грымелі на Далёкім Усходзе.

 

Разам з іншымі таварышамі па зброі ў той жнівеньскі дзень у Крывічах апынуўся і камандзір аддзялення яфрэйтар Фёдар Быкаў. Ён адразу ж пачаў займацца карыснай для сябе справай. Беспамылкова знайшоўшы хату вясковага актывіста, яфрэйтар Быкаў завітаў да гаспадара ў госці і акурат трапіў на дэгустацыю самаробнай высокаградуснаў прадукцыі. Тут трэба дадаць, што Фёдар Быкаў больш-менш разбіраўся ў беларускіх рэаліях, бо сам быў родам з Расонскага раёна Віцебскай вобласці, там партызаніў у час нямецкай акупацыі. Захапіўшыся гасцяваннем, яфрэйтар забыў пра меры бяспекі. І таму ў данясенні ў Мінск пад грыфам “Сакретна” сёння мы чытаем:


“Ноччу на в. Крывічы зрабіла напад банда колькасцю да 10 чалавек у форме польскіх салдат, якая, абрабаваўшы мясцовых жыхароў і забіўшы яфрэйтара Быкава, адышла. У 6 гадзін раніцы 25 жніўня мясцовымі жыхарамі было знойдзена цела яфрэйтара Быкава з нажавымі раненнямі. На пошукі банды з гарнізона Іўе быў адпраўлены атрад колькасцю 35 чалавек, аднак вынікаў гэта не прынесла”.

 

Тут жа, у гэтым данясенні, называюцца віноўныя ў надзвычайным здарэнні ў Крывічах: у першую чаргу сам яфрэйтар Быкаў і камандзір аператыўнай групы лейтэнант Жалезны. Пазнаёмімся бліжэй з гэтым чалавекам. Ён – наш зямляк, ураджэнец беларускай сталіцы. Прызваны напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны Кагановіцкім райваенкаматам Мінска, ён у чэрвені 1941 служыў прыкладна ў тых жа мясцінах Заходняй Беларусі, куды трапіў потым у пераможным 1945. Усю вайну Даніла Жалезны прайшоў у падраздзяленнях НКУС, у красавіку 1944 нават быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. За што? Чытаем у другім дакуменце:

 

Настойліва праводзіў у жыццё выкананне загада НКУС СССР № 0021, ачышчаючы ад антысавецкіх і контррэвалюцыйных элементаў населеныя пункты, вызваленыя ад нямецкіх захопнікаў. Дзякуючы правільнаму кіраванню, умелай арганізацыі аператыўна-службовых мерапрыемстваў, толькі за першы квартал 1944 г. узводам тав. Жалезнага затрымана 461 чалавек. З іх узброеных бандытаў – 3, дэзерціраў – 65, нямецкіх старастаў – 8, нямецкіх памагатых (цікава, хто гэта? – Ю. К.) – 8, парушальнікаў загадаў Наркамата абароны № 0860 і № 175 – 256, адстаўшых ад сваіх частак – 110”.

 

У 1944 лейтэнант Жалезны атрымаў ордэн, а годам пазней – вымову і пяць сутак хатняга арышту. Пакаранне ў гэтым перыядзе неспадзяванага адпачынку заключалася хіба што ў тым, што грошай за суткі арышту не плацілі.

 

А вось іншы выпадак, які адбыўся крыху раней, у самым пачатку 1945. Тады траіх ваеннаслужачых 105-га пагранічнага Рыжскага палка войск НКУС накіравалі з Астрынскага раёна ў Гродна. Ім было загадана даставіць у штаб палка сакрэтную пошту, а затым вярнуцца ў мястэчка Радунь. Вайскоўцы паспяхова дабраліся да Гродна, а на абратным шляху завіталі ў Ліду. Аднак на канчатковым пункце маршрута яны так і не з’явіліся, прапалі без вестак. Было тэрмінова праведзена расследванне, у выніку якога высветлілася наступнае. Зноў цытуем дакумент, які сёння захоўваецца ў архіве:


“Па паказаннях сведкаў, грамадзянскіх асоб, устаноўлена, што Ніканаў, Пятроў і Бялоў у г. Ліда заходзілі ў прыватныя дамы, дзе абменьвалі свае сухія пайкі на гарэлку, займаліся калектыўнай п’янкай з жанчынамі, з некаторымі з іх уступалі ў інтымную сувязь”.

Аднак далейшы лёс трох байцоў так і застаўся б невядомым, калі б не аперацыя, якую правялі супрацоўнікі Воранаўскага раённага аддзела НКУС. У выніку было забіта пяць “лясных братоў”. У кішэні аднаго з іх знайшлі медаль “За адвагу”, па нумару якога высветлілі, што ўзнагарода належыла старэйшаму сяржанту Ніканаву. Гэты факт даў падставу адзначыць у службовым данясенні:


“Сувязных 1-га батальёна 105-га пагранічнага палка войск НКУС старэйшага сяржанта Ніканава, чырвонаармейцаў Бялова і Пятрова лічыць захопленымі ў палон і забітымі белапольскімі бандытамі ў раёне Ліда-Радунь”.

 

Пры далейшым “разборы палётаў” за нядбайнае кіраўніцтва сваімі падначаленымі  атрымаў вымову (праўда, без дадатковага хатняга арышту) камандзір роты, у якой служылі сувязныя: лейтэнант… Жалезны. Не падумайце, што той самы, зусім іншы чалавек з крыху дзіўным імем Файв. Гэты Жалезны быў масквічом, у пачатку вайны яго мабілізаваў не які-небудзь райваенкамат, а адразу гарком ВКП(б) Масквы. І трапіў ён у выніку не куды-небудзь, а спачатку ў асобыя аддзелы НКУС, а потым – у славуты СМЕРШ. За бездакорную службу Файва Жалезнага ўзнагародзілі медалём “За баявыя заслугі”. Ва ўзнагародным лісце гэтыя заслугі адзначаны наступным чынам:


“У рабоце ініцыятыўны, паказаў сябе са станоўчага боку. Пад час сваёй працы не дапусціў ніводнага выпадку здрады Радзіме. Папярэдзіў спробу здрады з боку ваеннаслужачага Г. (цікава, якім чынам і што з гэтым Г. затым адбылося? – Ю. К.). Своечасова адводзіў з пярэдняга края асобаў, якія не выклікалі палітычнага даверу. Правільна арганізоўваў заграджальную службу”.

 

Зразумела, чаму такога чалавека пакаралі толькі вымовай. Вось так у тыя часы наводзілі ў нашых краях “жалезны парадак” нашчадкі таварыша Дзяржынскага.

 

Здымак taunt.ru