ГРОДНА Ў СЕЦІВЕ

|

На радасць футбольным фанатам

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Бернд Штанге распавёў аб гарадзенскім варыянце правядзення матчаў: «Нядаўна наведаў Гродна. Зараз разглядаецца магчымасць правядзення тут трэніровак і матчаў беларускай каманды. Бо гэта наша агульная задача – каб зборная выступала не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах». (Тэлеграф).

Няроўны шлюб

За рэгістрацыяй па новых правілах у Гарадзенскай вобласці звярнуліся 55 суб’ектаў гаспадарання, паведамілі карэспандэнту БелТА ў аддзеле юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Галоўнае інфармацыйнае агенцтва краіны, напоўненая пазітыўным настроем, падае інфармацыю, як нейкае дасягненне: «Магчымасць паскоранага атрымання дзяржрэгістрацыі, прадстаўленую Дэкрэтам №1, найболей актыўна выкарысталі жадаючыя стаць індывідуальнымі прадпрымальнікамі жыхары абласнога цэнтру. За дзень (2 лютага – аўт.) у адміністрацыі двух раёнаў Гродна звярнулася 28 чалавек… Гэты паказчык суадносіцца з колькасцю людзей, якія раней прыходзілі за рэгістрацыяй на працягу тыдня».

Тым не менш, чакаць таго, што ў малы бізнэс народ паваліць валам, рана. Не варта спакушацца! Бо спрошчаная рэгістрацыя – гэта нават не палова поспеху. Падатковая палітыка, асабліва ў яе «штрафной» частцы, застаецца малапрывабнай для развіцця прадпрымальніцтва ў краіне. За рэгістрацыяй існуе праца, якая ў любы момант можа быць спыненая або прыпыненая, у тым ліку і рознага роду правяраючымі – пажарнымі, санстанцыяй, дзяржкантролем і г.д. І ці варта хуценька «рэгістравацца», калі наперадзе – няроўны шлюб. Прадпрымальніка з дзяржавай…

Улада, лаяльная да нацы?

Беларускія праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай, у якой яны вінавацяць улады ў лаяльнасці да дзеючых у краіне фашыствуючых груповак, паколькі тыя дзейнічаюць у краіне «фактычна без пакарання». Цэнтрам дзейнасці беларускіх нацы стаў Гомель («Новые Известия», Уладзіслаў Коган). Аднак і ў Гродна нацысты таксама правялі ўжо некалькі маршаў. Старшыня Беларускага хельсінскага камітэту Алег Гулак у гутарцы з карэспандэнтам «НИ» назваў тое, што зараз адбываецца «адзінствам у поглядах скіноў і шматлікіх міліцэйскіх чыноў».

Ці ведае новы сябар ранейшых двух?

У 2009 году плануецца рэалізацыя сумеснага праекту паміж Гродна, Калінінградам і Бюрловам (Швецыя) у сферы адукацыі і сацыяльнай палітыкі. Аб гэтым ішлі перамовы на сустрэчы кіраўніка Калінінградскай акругі Аляксандра Ярашука з новым кіраўніком аддзялення Амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Калінінградзе Яўгенам Цімохіным. А яшчэ ішлі перамовы аб неабходнасці аднаўлення працы па шэрагу дамоў, падпісаных у розныя гады. Так, у 1994 годзе была падпісана трохбаковая дамова аб супрацоўніцтве паміж Калінінградам, Гродна і Беластокам. Адзначу, што Гродна і Беласток так цесна і доўга маюць зносіны БЕЗ Калінінграда, што сустрэча спадароў Ярашука і Цімохіна ў гэтыя зносіны нічога дадаць не могуць. А вось ці ведаюць органы кіравання шведскага гораду Бюрлоў (на здымку), што мы будзем з імі сябраваць, вельмі цікава. (КНИА Калінінградскае незалежнае інфармацыйнае агенцтва).

Л.Леонт