Не хапіла аднаго кроку

|

Пасля паразы ў Грэцыі з лікам 1-3 нашай камандзе для выхаду ў наступны этап турніра неабходна было перамагаць супернікаў на пляцоўцы ў Лідзе з лікам 3-0. Шансы на перамогу па суме двух сустрэч пакідаў і лік 3-1 на карысць гаспадароў (у такім выпадку каманды гулялі б дадатковую партыю).

 

Сустрэча пачалася для беларусаў вельмі ўдала. Першыя дзве партыі засталіся за “Камунальнікам” (26:24, 25:17). Здавалася б, яшчэ адзін крок – і перамога ў кішэні! У трэцяй партыі гарадзенцы павялі з лікам 4-0…

 

Але, як напісаў на сайце “Этнікаса” капітан каманды Акіс Сідзіропулас “мы праявілі неабходны характар у цяжкай сустрэчы і атрымалі такую жаданую кваліфікацыю ў наступны этап Кубка Выкліку”.

 

І сапраўды, грэкі спачатку выйгралі трэцюю партыю (25-19), а затым і чацьвёртую (25-14). Заключная партыя ўжо нічога не вырашала і засталася за гарадзенцамі (15-12). 

 

Такім чынам нашая каманда скончыла ў гэтым годзе свае еўракубкавыя прыгоды і цяпер можа засяродзіцца на барацьбе за медалі чэмпіянату краіны. Гарадзенцы ідуць пакуль у турнірнай табліцы першымі, на тры ачкі апярэджваючы сталічны “Будаўнік”.

 

17 снежня. Ліда. 1/16 еўрапейскага Кубка Выкліку. “Камунальнік” – “Этнікас” 3-2 (1-3 у першай сустрэчы).

 

На здымку: гульцы “Этнікаса” святкуюць перамогу над гарадзенцамі на сваёй пляцоўцы

 

Фота: ethnikos-mgs.gr