Выстава батлеек у Гродне: верхні ярус – “неба”, ніжні ярус – “зямля”

|

Адкрыла выставу дырэктар музея Людміла Карнілава:

 

“Тое, на што мы прапаноўваем паглядзець, у многім прадстаўлена дзякуючы ксяндзу Юзафу Макарчыку, пробашчу францішканскага касцёла. Спадзяюся, выстава не толькі створыць вам добры настрой, але і адкрые для вас нешта новае”.

     
  Больш здымкаў з выставы глядзі тут  
     

 

Наведнікі выставы праслухалі і праспявалі разам старадаўнюю калядную песню “Дзіва”.

Затым старэйшы навуковы супрацоўнік музея Галіна Хомка прадставіла пяць батлеек, выкананых у розных тэхніках у мінулым і пазамінулым стагоддзях. Яна распавяла пра тое, што батлейка – гэта  народны лялечны тэатр. У Еўропе ён з’явіўся ў XV ст., на тэрыторыі Беларусі распаўсюдзіўся і стаў папулярным у XVI – XX стст.

 

Сваю форму батлейка спачатку набыла ад пераносных алтароў, была ў выглядзе скрыні ці шафы. Ужо потым яна пераўтварылася ў лялечны тэатр, які стаў складацца з некалькіх ярусаў. Верхні ярус“неба”, ніжні ярус – “зямля”. На першым паказвалі сцэны на біблейскую тэматыку. На другім – сатырычныя сцэнкі з народнага жыцця. Вельмі папулярнай для батлейкі з’яўляецца п’еса “Цар Ірад”.

 

“Батлейка цяпер адраджаецца. У Міры нават ёсць такі гурток. Яго ўдзельнікі зрабілі шмат батлеек”, – гаворыць Галіна.

 

Госці ўбачылі рэканструкцыі народных батлеек XVIII-XIX стагоддзяў. Гарадзенцам былі прадстаўлены рэканструяваная Магілёўская батлейка другой паловы XIX стагоддзя, двух’ярусная саламяная Вілейская батлейка, рэканструкцыя Ельнінскай батлейкі канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя, некалькі хатніх батлеек, выкананых беларускімі майстрамі.

Таксама ў экспазіцыю ўвайшлі калекцыя лялек для батлеек і амаль стогадовыя постаці з храмавых калядных ясляў. Яны прывезеныя з Польшчы і Літвы.

 

Прывезены адтуль і заходнееўрапейскія гравюры XIX стагоддзя. Яны паказваюць свята Раства Хрыстова ў заходняй традыцыі.

 

Выстава працягнецца да канца студзеня.

 

Здымкі Яна Лялевіча