Не па-каляднаму і не па-каралеўску

|

Калі б не арыгінальная драўляная батлейка, зробленая беларускімі разбярамі, якія часта ладзяць тут свае плэнэры, то імпрэза нагадвала б танны навагодні ранішнік.

Для “Каралеўскага маёнтку Каробчыцы” гэта, як кажуць, не той “фармат”.

 

Дзед Мароз са Снягуркай у кампаніі з Ваўком замест куды больш лагічнага ў калядныя дні Святога Мікалая, канечне, стараліся: вадзілі карагоды, ладзілі конкурсы і не раз выклікалі шчырыя ўсмешкі ў дзяцей і дарослых.

 

Так, прыгажосць месца, магчымасць зблізку ўбачыць экзатычных і не вельмі жывёлаў, таксама падтрымлівалі атмасферу свята.

 

Так, было некалькі народных майстроў, якія прадавалі свае вырабы. Былі глітнвейн ды гарачая гарбата.

 

Але не было нечага свайго, сапраўды Каляднага, сапраўды беларускага (не лічыць жа такім недарэчнае раздаванне Снягуркай чырвона-зялёных сцяжкоў-аўт.).

 

Такія гулянні ў гэты ж дзень напэўна праходзілі недзе ў Пскове, Ноўгарадзе, Іркуцку. З тымі ж Марозамі-Снягуркамі-Ваўкамі,  з тымі ж спевамі і конкурсамі. На той жа рускай мове…

 

А хочацца свайго, арыгінальнага, якое будзе знаёміць ўдзельнікаў такіх імпрэзаў з тым, як святкавалі Каляды нашыя продкі, што яны спявалі, чым забаўляліся.  

 

Ну але гэтаму, напэўна, сцэнарыстаў такіх святаў цяпер не вучаць.

 

“В лесу родилась ёлочка…” ды “Танец маленьких утят” пакуль што “нашае ўсё”.

Нават у каралеўскіх маёнтках.