Старасць іх ў хаце не заспее

Адкрываюць імпрэзу кіраўнікі праграмы “Універсітэт Залатога Веку” Лана і Вітаўт Руднікі.

 

Прыгожыя маладыя людзі звонку і знутры, якія арганізавалі дзейнасць гэтай праграмы ў Гродне.

 

Вітаўт і Лана спяваюць для гледачоў віншавальную песню, ганарацца пройдзеным годам і расказваюць пра планы на будучыню.

 

І вось пачынаецца каляднае прадстаўленне з яркімі дэкарацыямі, добра падабранай музыкай.

 

На сцэне можна пабачыць цудоўных людзей у прыгожай вопратцы.

 

Гэта модны паказ навучэнцаў секцыі “Мода, стыль і прыгажосць”.

 

Жанчыны дэфілююць па сцэне з ганарова ўзнятай галавой.

 

Звонка гучаць калядныя беларускія песні.

 

Свае таленты дэманструюць акторы, якія займаюцца ў тэатральнай студыі “Універсітэту Залатога Веку”.

На сцэне разгортваецца дзейства навагодняй містэрыі “Баль спакусаў”, падрыхтаванай слухачамі секцыі акторскага майстэрства пад кіраўніцтвам Васіля Калача (рэжысёр пастаноўкі).

Людзі жартуюць, танцуюць, радуюцца жыццю. Тут можна пабачыць і Казу, і Святога Мікалая, і Усходнюю прыгажунню, і царэўну-жабку ды многіх іншых казачных персанажаў.

 

Удзельнікаў свята вітае акадэмік Андрэй Майсяёнак:

 

– Не так даўно я вёў дысцыпліну, дзе было шмат маладых прыгожых людзей. Дык вось ведайце: я вас на маладых дзяўчат не прамяняю!

Я люблю вашу энергічнасць, вашу добразычлівасць.

Я жадаю вам не губляць сваёй актыўнасці, бо з ей вы вяртаецеся ў маладосць. А таксама вяртаеце ў маладосць тых, хто побач с вамі!”

 

Што значыць гэты універсітэт для яго студэнтаў і выкладчыкаў? Пра гэта мы даведаліся ў вучняў і выкладчыкаў гэтай праграмы.

 

Людміла:

“Я вучуся тут ужо другі год. Пасля пенсіі працавала яшчэ 6 гадаў, калі прыйшлося пакінуць працу, я вельмі засмуцілася. Аднак гэтае пачуццё было не доўгім.

 

Дзякуючы “Універсітэту Залатога Веку” я нават не адчула той самоты, якую адчуваюць большасць пенсіянераў, калі пакідаюць працу.

 

Бо тут я займела шмат сяброў, навучылася спяваць і танцаваць. Я наведваю секцыі “Беларускія вячоркі”, “Роднае слова”,  “Мой радавад” і “Падарожжы ў часе і прасторы”.

 

Мне вельмі падабаецца, што у мяне з’явілася магчымасць больш блізка пазнаёміцца з беларускай культурай. Магу сказаць, што з прыходам сюды маё жыццё змянілася і стала больш актыўным і разнастайным.”

 

Іван Буднік (на здымку ніжэй злева):

 

“Я вучуся тут ужо чацвёрты год. Для мяне УЗВ – гэта магчымасць дзейнічаць, нешта рабіць, не сядзець у хаце і не “марынавацца”.

 

Я наведваю кампутарную секцыю і секцыю польскай мовы. Да нас часта прыязжаюць знакамітыя асобы, навукоўцы і практыкі, якія даюць шмат чаго карыснага. Для мяне “Універсітэт Залатога Веку” – гэта магчымасць увесь час з кімсьці знаёміцца, пазнаваць шмат чаго новага.

 

На ўсё нават часу не хапае (усміхаецца). Я вельмі задаволены тым, што у нас у Гродна дзейнічае такая праграма.”

 

Станіслава Гаеўская:

 

“Я ў гэтым універсітэце ўжо трэці год. Наведваю чатыры секцыі: ангельскай і польскай мовы, кампутарную і “Падарожжы ў часе і прасторы”.

 

Найбольш мне падабаецца якраз секцыя падарожжаў.

 

Гэта вельмі патрыятычная секцыя, якая дае нам столькі цікавага, што нават не ў адным падручніку не знойдзеш.

 

І у гэты Новы Год я хачу пажадць усім людзям выглядаць добра і прагожа, не звяртаючы аніякай ўвагі на ўзрост.”

 

Акадэмік Андрэй Майсяёнак:

 “Для мяне Універсітэт – гэта абмен думкамі, гэта актыўнасць.

Калі табе ўжо за 70, то, здаецца, жыццё пройдзена.

Але на самой справе яшчэ ёсць вельмі шмат чаго цікавага і новага.

І “Універсітэт Залатога Веку” дапамагае нам, ён дае права працягваць вучобу, а гэта вельмі важна.

Той чалавек, які вучыцца, паляпшае сваё жыццё.”

 

Ірэна Ротнава (на здымку зправа) трэці год навучаецца ва універсітэце:

 

“УЗВ падарыў мне радасць. Я наведваю такія секцыі як “Польская мова”, “Беларускія вячоркі” і “Падарожжы ў часе і прасторы”.

Тут вельмі шчырыя, добрыя, вясёлыя настаўнікі, яны аддаюць нам усё тое што ведаюць самі. І хочацца дадаць, што той, хто не ведае пра “Універсітэт Залатога Века”, сядзіць у самотнасці, хай хуценька апранаецца, бярэ торбу ў рукі з квітком на тралейбус ці аўтобус і бяжыць сюды да нас!

 

Таксама я жадаю усім людзям у Новым Годзе спакою ў сэрцы і здароўя”.

 

Ірына Новік, выкладчыца секцый “Мода, стыль і прыгажосць”, а таксама “Кампутар для актыўнага жыцця” (на здымку ніжэй злева):

“Я працую тут ужо другі год і мае вучні сталі нават маёй сям’ёй, мне яны прыносяць натхненне. Яны вучаць мяне прымаць сітуацыю такой, якая яна ёсць. Паказваюць прыклад таго, як можна пры любых абставінах быць вясёлым, добрым, цікавым і прывабным для сябе. Як можна радавацца жыццю кожны дзень, кожную хвіліну, нягледзячы на цяжкасці, хваробы, узрост і іншыя праблемы нашага непростага часу.”

 

Раіса Малыхіна трэці год навучаецца ва Універсітэце:

“Універсітэт дапамагае адчуваць сябе ў струмені жыцця, а не проста сядзець у хаце і думаць пра свае балячкі. Калі я сюды прыхожу, адразу забываю пра ўсе свае праблемы. Я вельмі цікаўлюся беларускімі традыцыямі і тут я магу развівацца ў гэтым напрамку.

 

У гэты мне дапамагаюць тыя секцыі, якія я наведваю: “Беларускія вячоркі”, “Мода, стыль і прыгажосць”, “Псіхалагічнае здароўе”.

 

Тут ёсць шмат добразычлівых людзей, на кожнай секцыі ёсць сябры.

 

У гэтым Новым Годзе я хачу пажадаць усім людзям не сядзець на месцы, а шукаць штосьці цікавае, бо жыццё вельмі кароткае.”

 

Сваімі ўражаннямі ад вечарыны дзеліцца кіраўніца праграмы “Універсітэт Залатога Веку” Лана Руднік:

 

– Гэта была выдатная вечарына! Віхура, шоу, карнавал, адкрыцці!

 

Я ўпершыню не ведала поўнага сцэнару, не ведала, якія сюрпрызы рыхтуюцца і гэта было выдатна!

 

Крапатліва арганізаваная работа сябраў Рады УЗВ пад кіраўніцтвам Марыі Станіславіч, экспромты вядучай Ванды Афанасьевай, рэжысёрская работа вядучага секцыі “Тэатральнае мастацтва” Васіля Калача, дэфіле і ампірныя танцы пад кіраўніцтвам Ірыны Новік, выкладчыцы секцыі “Мода стыль і прыгажосць”, абрад калядавання, падрыхтаваны “Вячоркаўцамі” пад кіраўніцтвам Веры Кунцэвіч, мноства маскарадных касцюмаў, атмасфера свята, танцу – усё гэта заварожвала.

 

І, што, канец? Ужо так хутка? “Мы хочам яшчэ!”, “Мы хочам танцаваць!” – чулася з розных бакоў залі. Вершы, танцы, фотасесіі…

 

Гэта было сапраўдны калярова і святочна. Дзякуй, дарагія, ўсім, хто спрычыніўся да стварэння гэтага свята! Мы будзем танцаваць!”

 

Фота Міхаэля Шыдэра і Волі Корсун