Гурт “7 минут жизни”: кожны новы канцэрт для нас навука
З гуртом я сустрэлася на іх акустычным канцэрце, што праходзіў у антыкафе “Живое время”. Шчыра кажучы, ішла паслухаць для мяне зусім незнаймы і новы гурт.
Настроена была надта скептычна, нягледзячы нават на тое, што ў афіцыйнай суполцы гурта больш за тры тысячы ўдзельнікаў, што для Гродна нямала. Але дзякуючы атмасферы, якая панавала на гэтым невялікім канцэрте, які выглядаў, хутчэй, як сустрэча добрых знаёмых, вельмі хутка змяніла свой погляд. Хапіла некалькі першых песен. У амаль хатняй атмасферы яны гучалі вельмі выразна і кранальна.
Гурт грае ў стылі, як кажуць самі музыкі, рамантыка-альтэрнатыўнага року. У іх вельмі добра атрымліваецца сумяшчаць рамантыку і агрэсію, здавалася б, розных напрамкаў. Якасці выканнання здзіўляешся, пакуль не даведваешся, што ўсе ўдзельнікі гурта – прафесійныя музыкі.
Музыкі прызналіся, што вельмі даўно марылі аб такім невялічкім канцэрце:
“Гэта такі кватэрнік, які прыйшоўся вельмі нам даспадобы. І месца, і час, якраз перад навагоднімі ды каляднымі святам, выбраны ўдала. Мы імкнуліся стварыць такую хатнюю атмасферу, пасядзець з нашымі сябрамі ды знаймымі. Паразмаўляць, падзяліцца планамі”.
А планаў вельмі шмат. Зрабіць тур па Беларусі, выпусціць поўнафарматны альбом ды ў студыі запісаць новыя песні.
Пасля канцэрту вакалістка Юля Сасноўскіх, пакуль хлопцы збіралі апаратуру, за кубачкам гарбаты распавяла пра планы і пра, тое, як усё пачалося.
“Гурт пачаў сваё існаванне ў лютым 2012. Але гэта не значыць, што мы раней не займаліся музыкай. Мы ўсе прафесійныя музыкі, і тым ці іншым чынам звязаны з музыкай. Год таму Віталь Забелін, наш вакаліст, і гітарыст Аляксандр Міхалеў вырашылі зрабіць нешта сваё. Таму зышлі з музычнага калектыва “Free Music” і арганізавалі наш гурт.
Як атрымліваецца – вы самі бачыце. Але новыя песні пішуцца, канцэрты граюцца. Мы настроены і надалей развівацца ды працаваць у гэтым накірунку”.
На жаль, у інтэрнет выкладзена толькі некалькі кампазіцый гурта. На гэта наракалі і наведнікі міні-канцэрта ў антыкафе, прыхільнікі гурта. Мызыкі сітуацыю паабяцалі выправіць.
Дарэчы, 16 лістапада музыкі правялі “шоў-рок”-канцэрт у Гродне, які сабраў поўную залу. Як кажуць музыкі, іх чакаюць шмат дзе, таму ўжо з пачатку новага года гурт збіраецца ў міні-тур па гарадах Беларусі.
Здымкі Яна Лялевіча