Ці зможа публіка ўбачыць творы гарадзенскага мастака Змітра Іваноўскага?

За сваё жыццё спадар Іваноўскі напісаў больш за 3 тыс. карцінаў, якія разышліся па свеце. Рэшту працаў са сваёй майстэрні – прыблізна 60 – мастак завёз да маці ў вёску Пачуйкі Мастоўскага раёну. Шмат якія творы набытыя сябрам, знаёмымі і незнаёмымі гарадзенцамі, фірмамі і арганізацыямі. Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна ўпэўненая, што частка спадчыны Іваноўскага застаецца ў еўрапейскіх прыватных калекцыях.

 

Творы спадара Іваноўскага разышліся па шматлікіх дамах, але пакуль невядома, ці атрымаюць гарадзенцы шанец убачыць творы знакамітага мастака і выдатнага грамадскага дзеяча.

Давыд Гарадзенскі

 

Старшыня Таварыства польскіх мастакоў Станіслаў Кічко падзяліўся планамі сабраць шматлікія працы нябожчыка мастака на памятнай выставе ў Гродне прыкладна праз паўгода. Спадар Станіслаў узгадвае Змітра Іваноўскага як чалавека з вялікае літары, таленавітага каларыста ды яшчэ і добрага арганізатара.

 

Дырэктарка Гродзенскай выставачнай залы Ірына Сільвановіч мяркуе, што атрымаецца зрабіць экспазіцыю карцінаў “з чорнаю стужкай” славутага мастака ўжо праз месяц. Спадарыня Ірына запомніла Змітра Іваноўскага не толькі як яскравага мастака, але і як чалавека з выразнаю грамадскай пазіцыяй: “Зміцер траціў свой час на тое, каб вучыць маляваць аматараў”. Яна распавяла, што мастак аддаваў шмат часу вывучэнню гістарычных падзеяў, каб дакладна адлюстраваць іх на карцінах.

Панарама Гродна

 

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна лічыць Змітра Іваноўскага цікавым мастаком з шырокім аглядам жыццёвых тэмаў. “Значны кірунак ягонай творчасці – гістарычны. Зміцер маляваў рэтраспектыўныя карціны пра Гродна рамантычна-ўзнёслага плану, з падрабязнымі дэталямі. Варта адзначыць і ягоныя пластычныя кампазіцыі з дрэва ды іншых матэрыялаў утылітарнага характару, напрыклад прыстасаванне для лямпы. Увагі заслугоўваюць і ягоныя пейзажы, відарысы, партрэты, нацюрморты”.

 

Зміцер Іваноўскі найбольшую ўвагу ў сваёй творчасці прысвяціў часам Вялікага Княства Літоўскага, самым значным асобам і падзеям на тэрыторыі гэтай дзяржавы. Архітэктурны пейзаж, вуліцы мінулага ды сённяшняга Гродна таксама прысутнічалі ў ягоных працах.

 

Блізкая сяброўка мастака, грамадская актывістка Святлана Нех распавяла пра яго як пра асобу з актыўнаю палітычнай ды грамадскай пазіцыяй: “Я ведала Дзіму з 1999 года. Ён заўсёды да ўсяго падыходзіў так, нібыта гэта самае галоўнае ў жыцці. Калі ён верыў у нешта, то аддаваў сябе гэтай ідэі цалкам”.

Адныя з самых вядомых карцін мастака

 

Спадар Іваноўскі актыўна займаўся перадвыбарчай кампаніяй Сямёна Домаша ў 2001 годзе. Ён першым загаварыў пра ўшанаванне памяці ўзарванага бальшавікамі ў 1961 годзе гарадзенскага касцёла – Фары Вітаўта. Ідэя вялізнага памятнага крыжа на месцы зруйнаванай святыні, якую ўлады гэтак і не дазволілі ажыццявіць, належала менавіта яму. Мастак стварыў і першы макет Фары Вітаўта.

 

На пачатку 2000-х гадоў Зміцер Іваноўскі быў арганізатарам руху прадпрымальнікаў. Калі закрывалі рынкі, ён разам з прадпрымальнікамі выходзіў на плошчу, каб вымусіць улады сесці за стол перамоваў. За свае дзеянні актывіст атрымаў велізарныя штрафы ды сядзеў некалькі разоў па 15 сутак, кожны раз абвяшчаючы галадоўку.

Нацюрморт і аўтапартрэт

 

“Дзіма быў сапраўдным “бяссрэбнікам”, – узгадала Святлана Нех. – Ён шмат чаго аддаваў людзям, дапамагаў матэрыяльна ўсім, хто да яго звяртаўся. Ён быў светлым чалавекам, са своеасаблівым гумарам, заўсёды з усмешкаю”.

 

У апошнія гады спадар Зміцер вучыў маляваць сталых людзей з Універсітэту залатога веку. Спадарыня Святлана кажа, што рукі ў яго і насамрэч былі залатыя. Напрыканцы жыцця ён паспрабаваў сябе і ў разьбе па дрэве, у вырабе вітражоў. Майстар ствараў ліхтары з дрэва і вітражоў, якіх гэтак і не паспеў выставіць, рабіў драўляныя сталы, рамкі для сваіх мастацкіх працаў.

Занятак ва Універсітэце Залатога Веку

 

Крыніца: belsat.eu

Здымкі “Гарадзенскай бібліятэкі” і з архіву “ТС”