Dzieciuki: “Крытыкі пройдуцца па нашым альбоме наждаком”

|

Яшчэ падчас іх першага вялікага канцэрту стала зразумела, што на беларускай незалежнай сцэне з’явіўся супергурт. У гэтай камандзе пад агульнай ідэяй і канцэпцыяй аб’ядналіся музыкі з розных знакавых гарадзенскіх гуртоў. Іх першыя песні з сінглу “Гарадзенскі гармідар” імгненна разляцеліся па сеціве і сталі хітамі. Музыкі вырашылі не быць арыгінальнымі ды назвалі свой дэбютны альбом гэтак жа, як сінгл. Вось як гэта тлумачаць самі “Дзецюкі” — вакалісты гурта Алесь Дзянісаў і Павел Трублін ды аўтар песень Дзяніс Жыгавец.

 

Алесь Дзянісаў: “Эпішка нічым прынцыпова не адрозніваецца ад альбому, яна была проста папярэдніцай. Усе чатыры песні, якія былі на ёй прэзентаваныя, увайшлі ў альбом. Таму і назву не было сэнсу змяняць”.

 

Павел Трублін: “Адразу было вырашана, што альбом будзе мець назву “Гарадзенскі гармідар”, а “эпішка” з самага пачатку не планавалася. Так атрымалася, што мы яе запісалі і выкінулі ў сеціва”.

 

Дзяніс Жыгавец: “EP меў на мэце пазнаёміць з зусім новым гуртом. Назва была прыдумана выпадкова, але для альбому яна падыходзіць найлепей. Канцэптуальнай працы не атрымалася, як планавалася. Мы творчыя людзі, таму ў які бок пёрла — тое і рабілі. Тут вам і гісторыя, і алкаголь са спортам, гастарбайтары і панкі на танках — сапраўдны гармідар!

Сапраўды, каманда пазіцыянавала сябе ад пачатку, як асветніцкая фольк-панк брыгада, якая гатовая ездзіць хоць на край зямлі, каб распавесьці пра невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Але паступова ў рэпертуары сталі з’яўляцца песні на іншую тэматыку, а таксама вольныя пераасэнсаванні некаторых вядомых песен. Іх таксама ўключылі ў альбом. Але ці ёсць кампазіцыя на дыску, якая б адлюстроўвала яго агульную ідэю ды настрой?

 

Дзяніс Жыгавец: “Песні сапраўды розныя. Але я б вылучыў “Мужыцкую праўду”. Усё ж год, у які ішла праца над альбомам — юбілейны, у сэнсе паўстання — 150 гадоў. Ды і назва “Дзецюкі” падвязана да гэтай тэмы”.

 

Алесь Дзянісаў: “Суворыя крытыкі, напэўна, пройдуцца па альбоме наждаком: маўляў, мог бы быць цалкам канцэптуальным, толькі з гістарычнай тэматыкай… А нам ён падабаецца якраз такім, якім атрымаўся!

 

Частка музыкаў з складу гурта паралельна занятая ў іншым гарадзенскім праекце — “Людзі на балоце”. Бывае нават так, што “ЛнБ” выконваюць на сваіх канцэртах песні “Дзецюкоў” і наадварот. Калі слухачы вельмі папросяць. Таму часам “Дзецюкоў” называюць электрычным варыянтам “Людзей…”. Самі музыкі аспрэчваюць гэтае меркаванне.

 

Дзяніс Жыгавец: “Вядома, частка нашага складу лабае і там, і там. Нават на напісанне некаторых нашых тэкстаў паўплывала натхненне, што з’явілася пасля песен “ЛнБ”. Але думаю, што пасля прэзентацыі новых праграм абодвух гуртоў — пытанні будуць зняты”.

 

Алесь Дзянісаў: “Мне асабіста не зусім падабаюцца ўсе гэтыя параўнанні і паралелі з існуючымі гуртамі. Зразумела, што новае выдумаць цяпер вельмі складана, але кожны гурт — гэта новы шлях, новае жыццё. І хоць частка “дзецюкоў” грае ў гурце “Людзі на балоце”, але ў музычным плане мы зусім непадобныя. Тым больш, што “ЛнБ” зараз рыхтуюць кардынальна іншую праграму. Параўноўваць нашую музыку можна хутчэй з менскімі гуртамі “Тлушч” ды “Бостонское чаепитие” альбо з замежнымі камандамі кшталту The Real McKenzies ці The Rumjacks. Калі казаць пра гістарычную тэматыку, то “ЛнБ” у гэтым сэнсе яўна не першыя ў Беларусі. Тады давайце назавем гурт Dzieciuki, напрыклад, панковым варыянтам “Старога Ольсы”? А чаму не? Беларуская гістарычная тэматыка плюс дуда! Логіка для мяне смешная, але… Колькі людзей — столькі меркаванняў!” (смяецца)

 

У альбом “Гарадзенскі гармідар” увайшоў практычна ўвесь матэрыял, які мелі Dzieciuki на момант пачатку працы. Гэта 11 кампазіцый. Але два гатовыя творы, якія стала прысутнічалі ў канцэртным трэк-лісце на дыск не трапілі. Інструментальную кампазіцыю гурта “Operation Ivy” гарадзенцы не планавалі зусім уключаць у альбом, а кавер на песню Ежы Філаса “Чорны хлеб і гарбата” вырашылі перакінуць на наступны рэліз. Гурт ужо мае матэрыял для новай праграмы, але праца над ім вядзецца марудна. “Ужо хутка год, як мы бадзяемся валацугамі, бо не маем сталай рэпэтыцыйнай кропкі”, — кажа Алесь Дзянісаў.

 

Зрэшты, на жывых выступах адсутнасць сталай базы не адбіваецца. Dzieciuki найперш канцэртны гурт, з неперадавальнай жывой энергетыкай. Цяпер музыкі рыхтуюцца да свайго вялікага канцэрту-прэзентацыі альбому “Гарадзенскі гармідар”, які пройдзе ў менскім клюбе Re:Public 22 лютага ў межах праекту “Жывы Тузін”, які ладзіць партал Tuzin.fm пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі”.

 

Крыніца tuzin.fm