Гарадзенскі “Рытм Азот” у 20-ы раз стаў чэмпіёнам Беларусі

|

Апошні тур чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве ў закрытых памяшканнях сярод жаночых каманд праходзіў у канцы студзеня ў Барысаве. Па выніках двух тураў “Рытм Азот” апярэджваў свайго галоўнага суперніка “Мінск-1” на тры ачкі. Таму абедзве каманды былі гатовыя да фінальнай сустрэчы.

 

У першым тайме прыгожы гол забіла Наталля Мазырко, з падачы Святланы Багушэвіч, але ў другім тайме поспех апынуўся на баку “Мінск-1” і матч завяршыўся з лікам 2:1 на карысць мінчукоў. Такім чынам, лёс чэмпіёнства вырашаўся па розніцы забітых і прапушчаных мячоў у асабістых сустрэчах. За кошт розніцы ў два мячы “Рытм Азот” ізноў стаў чэмпіёнам краіны па індархакеi.

 

Вельмі добрыя вынікі на чэмпіянаце паказала і другая гарадзенская каманда “Рытм Азот-РЦАР”. Да апошняга матчу чэмпіянату заставаўcя нявырашаны лёс бронзавых медалёў і трэцяга месца, на якое прэтэндавалі, акрамя “Рытм Азот-РЦАР”, яшчэ смалявіцкая “Вікторыя”.

 

“Вікторыі” для трэцяга месца патрэбна была толькі перамога, а гарадзенак  задаволіла б і нічыя. Матч атрымаўся вельмі напружаным і відовішчным, годным стаць фінальнай гульнёй чэмпіянату і завяршыўся з лікам 2:4 упэўненай перамогай “Рытм Азот-РЦАР”. Акрамя двух камплектаў медалёў – “золата” і “бронзу” на гарадзенскую зямлю з’ехаў і прыз – “Лепшаму гульцу чэмпіянату”, які заваявала Святлана Багушэвіч з СГК “Рытм Азот”.

 

Паводле azot.by