У гарадзенскай Фары прадставілі паштоўкі з серыі “Вялікдзень з беларускай паэзіяй”

Упершыню гэтая серыя паштовак была паказаная тыдзень таму, 2 сакавіка, на творчым вечары “Вялікдзень з беларускай паэзіяй” у гарадзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі.

На вечары прысутнічалі каталіцкія біскупы Аляксандр Кашкевіч і Юзаф Станеўскі, прадстаўнік праваслаўнай царквы Міхаіл Велісейчык. Прысутнічаў таксама кіраўнік аддзела ідэалогіі аблвыканкама Павел Скрабко.

Сустрэча такога фармату праходзіла ў семінарыі ўпершыню. Галоўнай тэмай вечара былі пасхальныя матывы ў творчасці беларускіх паэтаў: як яны адчувалі ўваскрашэнне Хрыста, з чым яно ў іх асацыявалася і як яно іх натхняла. Пра пасхальныя матывы ў творчасці беларускіх каталіцкіх святароў расказаў прафесар ГрДУ Іван Трацяк.

 

“У беларускай літаратуры адным з першых, хто дакрануўся да тэмы ўваскрашэння і звязаў яе з нацыянальным адраджэннем, быў Сяргей Палуян. Ён не быў святаром, але ён задаў тэматыку, дзе матывы ўваскрашэння звязаны непасрэдна з беларускім нацыянальным адраджэннем, друкаваўся ў “Нашай ніве”. Пазней да гэтай тэмы таксама звяртаюцца Вацлаў Ластоўскi і Янка Купала. Менавіта гэтыя тры аўтары далі штуршок для звароту іншых да тэмы ўваскрашэння”, – расказаў Іван Трацяк.

На вечар выступіла таксама паэтка Данута Бічэль. Яна чытала вершы ксяндза Яна Твардоўскага ў перакладзе на беларускую, вершы Ларысы Геніюш і іншых паэтаў, а таксама ўласныя.