Сёлетняя навуковая канферэнцыя ў межах “Дзён св.Губерта” прысвячаецца Гародні і гарадзенцам

|

Гарадзенская канферэнцыя “Гарадзенскі соцыум: чалавек у прасторы горада” прысвячаецца тэме ўзаемадачыненняў гараджаніна і горада як пэўнай сацыяльнай, культурнай і канфесійнай прасторы.

Дыскусійнае поле канферэнцыі ахоплівае наступныя праблемы:
● гараджанін як аб’ект даследавання розных гуманітарных дысцыплінаў;
● асоба і соцыум у гарадской гісторыі;
● гарадскі соцыум і дзяржаўныя інстытуты;
● гараджанін ва ўмовах трансфармацыі канфесійнага ландшафту;
● сацыяльныя ролі гараджаніна: ад “традыцыйнага” да “індустрыяльнага” грамадства;
● культурная прастора горада як месца памяці і ідэнтычнасці;
● чалавек у шматмоўнай прасторы горада;
● гарадскі соцыум у “эпоху нацыяналізмаў”.

 

У Гародні працягваюцца даследаванні сацыяльнай гісторыі горада ў кантэксце мінулага іншых гарадоў Беларусі і ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Аб’ектам галоўнай увагі навукоўцаў застаецца гараджанін як суб’ект лакальнай гісторыі, а таксама грамадска-палітычны, канфесійны і культурны асяродак, у якім праходзіла яго жыццё. Нас цікавяць, як шэраговыя постаці, вывучэнне якіх паглыбляе веды пра пэўныя сацыяльныя колы жыхароў горада, так і асобы, што вылучаліся з гэтага шэрагу…

Вітаюцца рэфераты, якія закранаюць азначаную праблематыку на матэрыялах іншых гарадоў.

Важную ролю ў даследаваннях гарадскога соцыума апроч гісторыкаў могуць адыграць культуролагі, сацыёлагі, лінгвісты, сацыяльныя антраполагі, а таксама прадстаўнікі іншых гуманітарных дысцыплінаў.

 

Заяўкі на ўдзел арганізатары прымаюць да 1 мая 2014 г. на эл. адрасы: Алесю Краўцэвічу ([email protected]) і Алесю Смаленчуку ([email protected]).

У заяўцы неабходна ўказаць навуковую ступень, месца працы, тэму рэферату і асноўныя тэзісы, кантактны тэлефон і адрас электроннай паштовай скрыні.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заявак.
Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваныя.

 

Дні святога Губерта – апекуна Гародні – адзначаюцца ў першы тыдзень лістапада. Традыцыйна ў праграме – навуковая канферэнцыя, выставы, канцэрты, прэзентацыі, уручэнне прэміі імя Юзафа Ядкоўскага.