Апытанне “Твайго стылю”: Гарадзенцы пра знаходжанне расейскiх войск на тэрыторыi Украiны

|

Яраслаў Раманчук

“Гэта агрэсiя. Парушэнне мiжнароднага права і норм ААН, парушэнне міжнародных дамоваў паміж Украінай і Расіяй. Пачытайце мой артыкул “Як спыніць агрэсара. Сем крокаў сапраўдных міратворцаў і прыхільнікаў свабоды” на маёй старонцы. Расія адназначна трапляе пад міжнароднае вызначэнне паняцця “агрэсар””.

 

Вадзiм Саранчукоў

“Ніводзін расеец цягам апошніх трох месяцаў рэвалюцыйных падзей, якія адбываліся ва Украіне, ад дзеянняў пратэстоўцаў не пастрадаў. Няма ніякіх прызнакаў агрэсіі ні ў заходніх, ні ва ўсходніх рэгіёнах, таму дадзеная матывацыя проста выцягнутая з пальца.

 

На самой справе, Расея сваімі дзеяннямі парушыла шэраг міжнародных дамоваў, пачынаючы ад статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і скончваючы пагадненнямі, якія былі дасягнуты падчас вываду ядзернай зброі з тэрыторыі Украіны, калі тая самая Расея выступіла гарантам незалежнасці. Гэта наўпроставая акупацыя”.

 

Рыгор

“Прысутнасць расейскіх войскаў незаконная, бо супярэчаць падпісаным ёй жа міжнародным дамовам, у прыватнасці Будапешцкаму мемарандуму і шматлікім міжнародным паразуменням. Тое, што Пуцін адмаўляе, што сённяшняя “самаабарона Крыму” гэта расійскія жаўнеры, даказвае гэты факт.

 

Нагода для ўвядзення войскаў, выкарыстаная Крамлём, цалкам зпісаная з Гітлера, які хацеў вярнуць усе “спрадвечна нямецкія землі”. Варта разумець, што хоць расейцы складаюць большасць у Крыме, гэтая аўтаномная рэспубліка належыць не толькі ім, а таксама ўкраінцам і татарам”.

 

Iгар

“Тое, што зараз адбываецца ў Крыме – гэта сапраўды жудасная з’ява. Іншаземныя войскі акупавалі частку незалежнай дзяржавы, заблакавалі яе вайсковыя гарнізоны і флот. Захопнікі навязваюць жыхарам гэтага рэгіёну свае “правілы жыцця”. Крэмль сёння паўтарае тое, што рабіў Гітлер у 1938 годзе, калі дзяліў Чэхаславакію. Праблема яшчэ і ў тым, што Масква да апошняга моманту не прызнавала знаходжанне сваіх частак спецыяльнага прызначэння ў Крыме. А менавіта яны разам з сепаратыстамі ліквідавалі ўкраінскую вайсковую інфраструктуру ў Крыме.

 

Як бы не было, галоўнае зараз захаваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Цалкам верагодна, што Крэмль паспрабуе далучыць да сябе і ўсходюю Украіну. І тут важную ролю павінна згуляць жорсткая пазіцыя Еўрасаюза і ЗША”.

 

Алесь

“Лічу настолькі ж законным, як і знаходжанне войскаў Гітлера на тэрыторыі Чэхіі ў 1938, Польшчы ў 1939, СССР ў 1941”.

 

Вынікі апытання БелаПАН на падобную тэму можна прачытаць і паслухаць тут.