Руская мова на майках футбольнага “Нёмана”: што пра гэта думаюць заўзятары

|

Нагадаем, у галасаванні каманды прынялі ўдзел 34 чалавекі: 22 прагаласавалі за рускую мову і 12 – за беларускую.

 

Варта адзначыць, што ва ўсёй Беларусі толькі адна каманда можа пахваліцца беларускамоўным напісаннем прозвішчаў. Гэта брэсцкае “Дынама”.

На жаль, наша каманда зрабіла выбар, але меркаванні балельшчыкаў не ўлічыла. Але ж заўзятары гэта неад’емная частка каманды і да іх думак таксама трэба прыслухоўвацца. Мы звязаліся з некаторымі з іх.

 

Сяржук Аляксееў “Залатнiк”, у мінулым годзе наведаў усе матчы “Нёмана”, як хатнія, так і выяздныя

– Усе гэтыя дыспуты наконт мовы напісання прозвішчаў на майках маглі б быць хутка вырашаныя, калі б футбольная федэрацыя прапанавала адзіныя рэкамендацыі. Лічу, што на майках “Нёмана” прозвішчы павінны быць напісаныя па-беларуску, таму што Гродна – гэта самае беларускае месца ў краіне. На жаль, сёння ў авангардзе “футбольнай беларусізацыі” ідзе не наш горад, а невялікае правінцыйнае Жодзіна, дзе акрамя надпісаў беларуская мова выкарыстоўваецца і дыктарам на стадыёне. Нешта подобнае адбываецца і ў Гомелі – гучыць сапраўды прыгожа.

 

Праведзенае галасаванне  выглядае даволі празрыстым. Але акрамя футбалістаў і іншых функцыянераў есць яшчэ спонсары і простыя прыхільнікі футболу, якія плацяць грошы і таксама маюць права голасу.

 

 

Аляксандр, заўзятар “Нёмана” з 25-гадовым стажам

– Я негатыўна стаўлюся да выбару гульцоў. З аднаго боку прыемна, што ў камандзе знайшлося ажно 12 разумных чалавек, але мне падаецца, што моўныя апытанні на Беларусі маюць сэнс толькі для сацыёлагаў. Беларускае грамадства ментальна вельмі слабое і моцна русіфікаванае, каб прымаць падобныя рашэнні. Таму не мае сэнсу рабіць галасавання ні сярод футбалістаў, ні сярод заўзятараў – вынік вядомы заранёў. У гэтай сітуацыі вельмі важная роля ўскладаецца на кіраўнікоў клубаў і федэрацыі. Ці хопіць у іх розуму і мужнасці, каб напоўніць наш чэмпіянат “водарам беларускасці” ці “пойдут проторенной дорогой” як федэрацыя хакею?

 

 

Змiцер, грамадскi дзеяч, заўзятар “Нёмана”

– Пытанне мовы для мяне не можа вырашацца закрытым галасаваннем, таму было б больш карысным, каб мы ведалі, хто з гульцоў падтрымлівае той ці іншы варыянт. Але, па вялікім рухунку, гэта не пытанні гульцоў – яны кантрактнікі клуба, а не ўласнікі, таму і пытанні трэба вырашаць на іншым узроўні, а прыслухоўвацца, канешне, трэба і да гульцоў, і да фанатаў, і да спонсараў.

 

Асабіста я лічу, што беларускі спорт павінен быць беларускамоўным, хаця б таму, што пераможцы спяваюць гімн на беларускай мове, а іншага няма і не можа быць.

 

 

Па каментары мы звярнуліся таксама да вядомых спартыўных аглядальнікаў.

 

align=”left” alt=”Яўген Лебедзь, Евгений Лебедь, Вечерний Гродно” >Яўген Лебедзь, спартыўны аглядальнік газеты “Вячэрні Гродна”

– Мне не падабаецца, што вакол гэтай гісторыі з мовай узнялі такі шум. Так, я згодны, што ў гэтым выпадку трэба было вызначыць меркванне гледачоў, бо на кожным кроку кіраванне клуба кажа, што футбол для заўзятараў. І гэтае рашэнне азначае, што прыслухоўвацца да гледачоў у “Нёмане” пакуль не навучыліся.

 

Але рабіць трагедыю з гэтага нельга. Гульцы і трэнеры выказалі сваё меркаванне. І калі ім руская мова зручней на кашулях, значыць гэта праўда і яны не падрыхтаваныя да змен.

 

 

Ігар Петрулевіч, журналіст спартыўнага партала tribuna.by

– Галасаванне гэта выдатна. Дэмакратыя, як той казаў. Мне падабаецца, калі ў камандзе так выбіраюць капітана, да прыкладу. Гэтым жа спосабам у “Нёмане” вырашылі вызначыцца з мовай прозвішчаў на майках. Бязмерна паважаю футбалістаў і трэнераў гарадзенскага футбола, але мне здаецца, гэта не яны павінны вырашаць. Не думаю, што яны надавалі вялікае значэнне гэтаму пытанню. Для іх галоўнае – аддаваць перадачы, забіваць галы.

 

За такімі рэчамі, як мова, прозвішчы на майках, павінен сачыць мэнеджмент клуба. Выбар мовы – праца на імідж каманды. Гэта вельмі важная справа. Паглядзіце, колькі ўжо каментарыяў сабрала гэтая навіна ў розных СМІ. І, мяркуючы па рэакцыі, у цяперашніх умовах трэба было зрабіць выбар на карысць мовы.

 

Сярод футбалістаў нам удалося звязацца толькі з Максімам Вітусам:

– У краіны ёсць свая родная мова. Яе трэба развіваць і выкарыстоўваць. Як і ў якой колькасці – вырашаць кожнаму. У родным спорце можна было б выкарыстоўваць прозвішчы і на беларускай мове. Тыя, каму не падабаецца, з часам і так прывыклі б ды, упэўнены, убачылі б свае плюсы ў гэтым!