Выбары ў Гродне: буфет, канцэрт і ўсё пад кантролем

|

Нядзеля, 23 сакавіка. У 7.30 ранку чальцы участковых камісій, разам з назіральнікамі пачынаюць сваю працу.

 

У 8.01 раніцы прыйшоў першы выбаршчык – малады мужчына. Асноўная колькасць выбаршчыкаў прыходзіла ў перыяд паміж 10 і 12 гадзінамі дня. Моладзь – бліжэй да вечару.

 

Ад самай раніцы працуе буфет з велізарнай колькасцю разнастайных страваў, алкаголю (водка, піва і віно).

 

У 11 гадзін у файе ставяць калонкі. Пачынаецца канцэрт, падрыхтаваны вучнямі 18-й школы.

 

За песнямі і танцамі ў выкананні вучняў назіраюць адзінкі. А вось у буфет выбаршчыкі ідуць даволі актыўна. Хтосьці пытаецца, дзе тут наліваюць “па 200”, хтосьці запакоўвае дахаты кілаграм мяснога рулета.

 

Адносіны паміж чальцамі камісіі былі вельмі добрымі. Прыязным было і стаўленне прадстаўнікоў камісіі да выбаршчыкаў.

 

Аніякіх праблемаў падчас назірання на маім участку не было да таго моманту, пакуль перад вачамі не пачалі па чарзе з’яўляцца розныя міліцыянты і людзі ў вайсковай форме.

 

Кожны з іх прыкладна раз у паўгадзіны заходзіў на ўчастак, аглядаўся, тэлефанаваў некаму, размаўляў з камісіяй і зыходзіў. Выбарчы кодэкс сцвярджае, што на ўчастку не могуць знаходзіцца міліцыянты і іншыя асобы, акрамя чальцоў камісіі, выбаршчыкаў і назіральнікаў. Таму я здзівілася, чаму астатнія прысутныя ніяк не рэагуюць на тое, што адбываецца.

 

Як мне патлумачылі назіральнікі ад “Белай Русі”, міліцыянты “блюдуць парадак на ўчастку, глядзяць, каб з буфета сюды п’яныя не прыходзілі хуліганіць”.

 

Роўна ў 20.00 выбарчы ўчастак зачыняецца. Пазней стала вядома, што яўка выбаршчыкаў склала на маім участку 71,6%.

 

У цэлым, на маім участку за дзень выбараў яўных парушэнняў зафіксавана не было.

 

Аднак падлік галасоў быў настолькі закрытым, што заўважыць фальсіфікацыі (калі тыя былі) было немагчыма.

Камісія адсадзіла назіральнікаў на адлегласць трох метраў, акружыла стол з бюлетэнямі і моўчкі пачала лічыць.

 

На падлік 2100 бюлетэняў чатыром чалавекам з камісіі спатрэбілася 40 хвілін.

 

Пасля назірання за выбарамі ў Грузіі і Украіне для мяне такая схема падліку галасоў была незразумелай.

 

Па-першае, у гэтых краінах я магла свабодна падыходзіць да стала, дзе раскладваюць бюлетэні.

 

Па-другое, усе этапы падліку агалошваліся. Кожны з прысутных мог бачыць насупраць каго стаіць “птушачка” у бюлетэню.

 

Па-трэцяе, падлік галасоў з такой колькасцю выбаршчыкаў доўжыўся значна больш часу.

 

Здзівіла таксама тое, што амаль усе назіральнікі адразу пасля сканчэння выбараў зыйшлі, не застаўшыся на падік вынікаў галасавання. Маўляў, што тут назіраць, калі камісія ўсё падлічыць правільна…

 

Ну і сама выбарчая кампанія (наяўнасць і якасць агітацыйных матэрыялаў і г.д.) у Беларусі была нашмат больш сціплая, чым у названых вышэй краінах, дзе людзі рэальна цікавяцца выбарамі і добра ведаюць, за каго будуць галасаваць.

 

Кінулася ў вочы таксама слабая падрыхтаванасць нашых выбаршчыкаў. Чальцам камісіі не раз даводзілася нагадваць, што галасаць трэба ў кабінках, а не на сталах пад носам у камісіі, што бюлетэні трэба кідаць у ўрну, а не здаваць камісіі і г.д.

 

Назіранне за выбарамі я вяла ў межах кампаніі “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка”. Азнаёміцца са справаздачай аб тым, што бачылі нашыя назіральнікі падчас выбараў у Мясцовыя Саветы дэпутатаў па ўсёй Беларусі можна тут.

 

Фота аўтара