Алеся Дзянісава аштрафавалі на 4 500 000 рублёў

Дзянісаву інкрымінуюць ч. 2 арт. 22.9 Адміністратыўнага кодэксу РБ – “Незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі”, а дакладней супраца з незарэгістраваным у Беларусі тэлеканалам “Белсат”.

 

На судзе Дзянісаў не прызнаў сваёй віны. Ён засведчыў, што сапраўды прысутнічаў у Тэатры Лялек 6 лютага на прэм’еры спектакля і нават здымаў галоўнага рэжысёра тэатра Алега Жугжду (гэты выпадак стаў платформай для абвінавачвання), але не лічыць гэты факт менавіта “вырабам інфармацыйнага прадукту”:

 

“У стварэнні сюжэта ўдзельнічаюць і мантажыст, і гукааператар, і вядучы, і адказны рэдактар. Я зняў відэасюжэт, частка якога трапіла на сайт “Белсата”. Але сам прадукт я ж не ствараў. І тым больш яго не распаўсюджваў”.

 

Суддзя Юры Казакевіч, аднак, палічыў па-іншаму. Хадайніцтва Дзянісава наконт разгляду справы ў прысутнасці адзінага (!) сведкі Алега Жугжды Казакевіч таксама не задаволіў. Рэжысёр аказаўся ў адпачынку за свой кошт, паседжанне адбылося без яго.

 

Пэўны час суддзя высвятляў у чым розніца паміж карэспандэнтам і журналістам, а пасля прапанаваў Дзянісаву супрацоўнічаць з дзяржаўнымі СМІ:

 

“Здымайце для афіцыйнага тэлебачання, нават калі на мікрафоне “Белсат” будзе напісана – нічога. Галоўнае, што яны зарэгістраваныя”.

 

Справа ў тым, што пра мікрафон з надпісам “Белсат” гаворка ішла ў кантэксце паказанняў Жугжды. Дзянісаў жа сцвярджае, што ніколі такім мікрафонам не карыстаўся, у сувязі з чым і хацеў бы ўбачыць Жугжду ў якасці сведкі, мяркуючы, што пры складанні пратакола рэжысёра тэатру ўвялі з зман.

 

Вырак суду – 30 базавых велічыняў у якасці штрафу для Дзянісава, што складае 4 500 000 рублёў. Наогул, санкцыя па дадзеным артыкуле складае ад 20 да 50 базавых – суддзя ўклаўся прыкладна ў сярэдзіну.

 

Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч лічыць прысуд палітычна матываваным і неаб’ектыўным:

 

“Мела месца вольная трактоўка суддзём “дамоўнага” характару супрацы Дзянісава з “Белсатам”. Супраца па дамове – гэта не гутарка праз інтэрнэт, а падпісаныя паперы аб пагадненні. Такіх выяўлена не было. Ну і наогул, не будзем забывацца, што кожны грамадзянін Беларусі мае права на распаўсюд інфармацыі, прапісанае ў Канстытуцыі”.