Выйшаў набор паштовак прысвечаны гарадзенскаму Новаму свету

|

Утульнасць і непаўторнасць Гародні надае драўляная архітэктура. Найбольш будынкаў з дрэва знаходзіцца ў гарадскім раёне Новы свет. Выдатныя помнікі архітэктуры ствараюць унікальную, эстэтычна аформленую і камфортную прастору. Змяшэнне стыляў і колераў, вялікая колькасць дэкаратыўных элементаў прываблівае кожнага, хто трапляе ў Новы свет. Мастацкая і гістарычная каштоўнасць драўлянай архітэктуры бясспрэчная.

На жаль, з кожным годам драўлянай забудовы становіцца ўсё менш. Каб захаваць памяць пра яе і пашырыць веды пра драўляныя будынкі былі выдадзены адмысловыя паштоўкі. На іх адлюстраваны элементы драўлянай разьбы, які маюць як сімвалічную, так і мастацкую вартасць. На паштоўках ёсць і пазнавальныя будынкі: дом Рымарчукоў, дом татараў Шумскіх, дом у Настаўніцкай калоніі. Малявала паштоўкі гарадзенская мастачка Наталля Клімовіч.

 

Складанка “Гарадзенская ратуша” гэта ўжо другая складанка, распрацаваная архітэктарам Андрэем Шулаевым. Мэтай яе стварэння з’яўляецца папулярызацыя гістарычных помнікаў, што знаходзіліся на Савецкай плошчы і не захаваліся. Аднаўленне Ратушы дазволіла б часткова ўзнавіць страчаны на сённяшні момант горадабудаўнічы ансамбль забудовы былога Рынка.

На макеце прапануецца рэканструкцыя вонкавага выгляду Гарадзенскай ратушы на перыяд з 1740-х па 1940-я гады. Асновай для рэканструкцыі сталі картаграфічныя, выяўленчыя, гістарычныя і, часткова, археалагічныя крыніцы.

 

Прэзентацыя паштовак і ратушы адбудзецца 22 красавіка ў 18.00 у галерэі “Крыга” (вул. Савецкая, 3-11).

 

Паштоўкі выдадзены сумесна Варштатам Ідэй, сайтамі harodnia.com і “Твой стыль”.