Краіна Баскаў: Білбао і арыентаванне

Маю адну звычку. Калі наведваю новае для сябе места, стараюся пазнаёміцца з ім асаблівым спосабам арыентавання ў горадзе. Арыентаванне ў горадзе і ў лесе, вёсцы, полі… – розныя рэчы.

 

У горадзе дзейнічаюць іншыя законы… Тут уменне знаходзіць дамінанты гарадскіх вуліц значна больш важнае, чым уменне вызначаць кірункі свету. А ўменне камунікаваць з мінакамі – значна больш важнае ад вызначэння азімута.

 

Яшчэ адной звычкай звязанай з наведваннем новых гарадоў з’яўляецца “вывучэнне горада” падчас вандровак. Аднойчы я быў уражаны, калі, прыехаўшы ў адзін з гарадоў, мае сябры ведалі практычна ўсё пра гэты горад, бо пазнаёміліся заранёў з ім праз інтэрнэт. Мне не надта падабаецца такое віртуальнае знаёмства. Скажу больш дакладна – віртуальнае завочнае знаёмства я не разумею і не люблю. Хоць разумею, што прыемна, ўбачыўшы нейкі помнік, ведаць, што гэта такое, каму гэты помнік, кім і калі зроблены.

Не, я не супраць пазнання горада розумам, даведацца яго гісторыю, шлях станаўлення, але, думаю, важна яшчэ адчуць горад. Хоць дапускаю, што само такое адчуванне можна назваць адарваным ад рэальнасці, бо не столькі адлюстроўвае той дух, які пануе ў месце, колькі тваё асабістае ўражанне пра гэты дух. І гэтае ўражанне звязана з такімі рэчамі як настрой, надвор’е, галодны ты ці задаволены жыццём, упаў ты сёння ці здолеў злавіць дармовы wi-fi.

 

Маё ж знаёмства звычайна адбывалася наступным чынам: я выходзіў у места і пачынаў вандроўку па “вялікім коле”. Інтуітыўна выбераў накірунак і клэпаў па ім. Два-тры кварталы ўперад, паварот направа/лева далей два-тры кварталы, паварот і так пакуль не выходзіў на знаёмую ўжо цяпер мясцовасць. Далей можна было зайсці ў цэнтар кола, альбо выйсці вонкі, залежала таксама ад інтуіцыі, гарадскіх дамінантаў ці яшчэ чаго…

Зразумела, што мая вандроўка была не простым шыбаваннем па вуліцах. Так я акунаўся ў атмасферу горада. Хадзіў і шукаў для сябе цікавае. Калі нешта бачыў, мог сысці са свайго маршрута, але абавязкова пазней вяртаўся.

 

Арыентуючыся па вуліцах, пабудовах і скрыжаваннях, неяк заўсёды ў мяне атрымлівалася пабачыць найбольш цікавае ў горадзе.

 

Так, упершыню прыехаўшы ў Будапешт, я пайшоў на выведку ў горад. Праз некалькі дзён нас правезлі аўтобусам з экскурсіяй. Далібог я бачыў значна больш чым нам паказалі. А тое што наведалі падчас экскурсіі – я бачыў раней…

Але зараз новы час. Час тэхналогій. Скачаў мапу ў тэлефон, уключыў GPS-навігацыю і маеш не толькі горад разам з усімі помнікамі, гістарычнымі будынкамі, крамамі, барамі, кавярнямі і гатэлямі, але і ведаеш дзе канкрэтна ты знаходзішся. Думаю сабе – трэба паспрабаваць. Ну і паспрабаваў.

Білбао некалі, за часамі Франка, быў індустрыйным цэнтрам дзякуючы выплаўцы жалеза і порту, які знаходзіцца непадалёк ад горада.

 

У месце засталіся сляды прамысловай забудовы, але відаць што гэта цяпер горад, які спрабуе стаць турыстычным і еўрапейскім. Новыя стыльныя будынкі, адрэстаўраваныя вуліцы, дзіўны будынак музея Гуггенхайма (музея сучаснага мастацтва), які з гонарам паказаў мне каларытны кіроўца аўтобуса, калі ўбачыў што я фатаграфую праз шыбу наваколле.

 

Адразу відаць вялізныя ўкладзеныя грошы Еўрасаюза. Дарогі, развязкі, тунэлі – усё новае, збудаванае ў апошнія дзесяцігоддзі.

Білбао мне найбольш нагадвае Гародню, дакладней вобраз гарадзенскіх вуліц з вялікай колькасцю дрэваў у цэнтры да “рэканструкцыі”.

 

Турыстаў вельмі мала. У аэрапорце я сустрэў групу шведаў, але ў горадзе не заўважаў нікога. Людзі вельмі прыемныя. Калі звяртаешся – спрабуюць дапамагчы. Магчыма таму, што пакуль што надакучлівых тоўстых турыстаў мала… Спрабуюць дапамагчы, але ўразіла, як мала людзей размаўляе ці нават проста разумее па-англійску. Дакладна як беларусы. Адразу відаць, што Білбао, нягледзячы на свой порт, таксама як і Гародня, нягледзячы на памежны свой стан з Летувой і Польшчаю, аэрапортам і чыгункай, да сёння ўяўляе сабой тупік на захад…

 

Я так і ўявіў чэмпіянат свету па хакеі ў Білбао… Гатэлі набудавалі, замежнікаў запрасілі. Запрасілі, але меню толькі па гішпанску ці баскску, ніхто дарогу не пакажа, у гатэлі цябе практычна ніхто не разумее. Горад робіць першыя крокі па адкрыццю сябе іншым, чужым і незнаёмым раней людзям…

 

Хадзіў я так па навігацыі, знайшоў усе пазначаныя мне Гуглам цікавыя гістарычныя будынкі (не надта, дарэчы, старыя, прыблізна XVIII-XIX стагоддзе, чым таксама нагадвае Гародню).

Але неяк не атрымаў я асалоды. Можа з за-таго, што першы раз замяніў адпрацаваную ранней “тэхналогію” знаёмства з горадам, можа з-за таго, што звяртаў больш увагу на сябе, як віртуальную кропачку на мапе тэлефона. Разварочваючыся і шторазу вяртаючыся, калі бачыў, што збочыў з вызначанага маршрута.

 

Здаецца, праблема ў тым, што я больш глядзеў у тэлефон, як на горад. Засяродзіўся на працэсе, а не на сваёй мэце, як, дарэчы, большасць беларусаў у сённяшняй Беларусі.

 

Глядзі ўсе падарожныя нататкі “Твайго стылю” на нашай мапе падарожжаў.


View Мапа падарожжаў “Твайго стылю” in a larger map