У Карэлічах будуць судзіць вядоўцу “Белсату” Алеся Залеўскага

Суд у справе штатнага працаўніка Польскага грамадскага тэлебачання TVP, часткаю якога ёсць “Белсат”, мае адбыцца ў Карэліцкім раённым судзе. Гэта ўжо не першы суд над незалежнымі журналістамі на Гарадзеншчыне. Раней паводле таго ж артыкулу аштрафавалі гарадзенскага журналіста Алеся Дзянісава, які здымаў відэасюжэт пра тэатральную ісцэнізацыю.

 

“На думку юрыстаў, улады Гарадзеншчыны такім чынам вырашылі выпрабаваць на незалежных журналістах нядаўна ўведзены ў Адміністратыўны кодэкс рэпрэсіўны артыкул 22.9, які фактычна скасоўвае для шмат якіх карэспандэнтаў гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі права на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі. Паводле міліцыянтаў, палажэнні гэтага артыкулу прадугледжваюць адказнасць за працу журналістаў без акрэдытацыі”, – паведамляе прэс-служба “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.

 

Журналісты “Белсату” сапраўды працуюць у Беларусі без акрэдытацыі. Міністэрства замежных справаў кожны раз адмаўляе нашаму тэлеканалу ў праве працаваць легальна. Аляксандр Лукашэнка ў 2010 годзе заявіў, што “не хоча” вяшчання “Белсату” ў Беларусі. “Калі яны там антыбеларускую прапаганду вядуць, на гэтым канале, то і слушна робяць адпаведныя структуры, якія іх не рэгіструюць”, – заявіў Лукашэнка.