Праект “Рэтра-сукенка” альбо жыццё працягваецца ў рэчах
Калісці я марыла набыць аўтамабіль, пасадзіць з сабою татку і маму і паехаць у тую хату, якую дзядуля будаваў, дзе нарадзіўся мой тата, дзе амаль усё сваё жыццё пражыла бабуля…
Мы ехалі ўсе разам. Размаўлялі.
Чым бліжэй мы пад’язджалі да нашага хутара, тым трывожней станавілася на сэрцы. Успаміны проста накрывалі. Вось зараз будзе той паварот, зараз будзе шырокая дарога, 2 высачэнныя ліпы, па якіх поўзалі, як малпы, з дзяцінства.
Вось сажалка, на якой лавілі жабкаў і купаліся.
Не… Дарога не шырокая. Зараз тут нейкае поле. Дарога зарасла. Машына ледзьве прабіраецца праз густую траву. Набліжаемся.
Спыняемся…
Вось ён, родны ганачак, абвіты вінаградам. Вось яна – хатка, дарагая сэрцу. Хатка бабулі, якую прадалі, а бабулю забралі ў горад… А ў хаце ніхто так і не прыжыўся…
Паўсюль пустэча. Трава ў рост чалавека… Шыбаў няма. Прабіраемся праз траву, заходзім унутр… Страшна. Вось-вось абваліцца ганак…
У кухні на падлозе ляжыць бабуліна старое паліто, на якім, відаць, нехта спаў…
Падымаю вочы…
У гэтым куце калісьці была ікона з вышытым ручніком. А насупраць стаяў ложак. На ім мы з сёстрамі змяшчаліся ўтраіх і ніяк не маглі ўкласціся спаць, шапталіся і смяяліся пад коўдрай… Бабуля гразілася ўваліць нам качалкам па плечах за кепскія паводзіны і казала, што вялікі грэх на ноч смяяцца.
А на печцы мы абкалупалі ўсе шпалеры (паспрачаліся, хто большую плошчу абдзярэ). Ох, і давала нам тады бабуля…
А яшчэ ў кухні выводзіліся маленькія цыплючкі і мяккія, жоўценькія, як сонейкі, качаняткі… Мы іх пасвілі і старажылі ад мясцовых катоў…
Мы з’язджаліся на канікулы ўсе – Валера, Алег, Ванюша, Ірка, я, Ганка, Андрэй і бавілі там амаль усё лета. Палолі вялізныя плантацыі суніцаў, пасвілі кароўку, хадзілі ў лес па грыбы ды ягады.
Гэта былі сапраўдныя вясёлыя канікулы ў вёсцы. Неверагоднае адчуванне – выйсці рана-рана на ганак, удыхнуць свежае паветра на поўныя грудзі, пачуць, як спяваюць птушкі, пахадзіць па расе босымі нагамі…
Бабуля кліча снедаць. Бліны, малачко, свежае масла… Як жа ж смачна…
Калі я ўбачыла ў фэйсбуку на старонцы аднаго фатографа з Менску фотаздымкі, дзе маладыя дзяўчаты фатаграфаваліся ў рэтра-сукенках, я вырашыла, што такую ідэю абавязкова варта рэалізаваць з дапамогай навучэнак нашага “Універсітэту Залатога Веку”.
На маю прапанову адгукнуліся шмат дзяўчынак (хто ж не хоча паспрабаваць сябе ў якасці мадэлі). Шмат хто з нашых жанчынак (асабліва з секцыі “Мода, стыль і прыгажосць”, якая працуе пры “Універсітэце Залатога Веку”) прынеслі сукенкі, аксэсуары.
Некаторыя дзяўчаткі так захапіліся ідэяй, што сталі самастойна збіраць сукенкі.
Мая матуля (на здымку ніжэй), якая нарадзілася ў Кастраме, пасля пераехала на Данбас, вучылася ў Растове і працавала ў Сібіры, з задавальненнем распавядала пра касцюмчык, які мама ёй пашыла на выпускную вечарыну.
Яна была самай прыгожай! Бабуля выдатна шыла. А пасля мама ў гэтым касцюмчыку скарыла не адно мужчынскае сэрца.
“Доню, ты толькі назад прывязі, ды не загубі. Мне ён такі дарагі. Памяць пра маму”.
Оля Астроўская
Воля Корсун і Ганка Урбановіч
Альгуня Камягіна
Іна Севярын-Шота
Ганка Урбановіч
Ірына Новік
Каця Губко
Воля Корсун
Людміла Лебедзь
Вольга Шульга
Варвара Злобіна
Лана Руднік
Памяць… Памяць – яна ў сэрцы. Памяць – яна ў рэчах. Так шмат можна ўзгадаць, узяўшы рэч у руку.
Так шмат можна ўзгадаць, апрануўшы рэч. Я хачу, каб памяталі. Мы жывем, пакуль пра нас памятаюць…
Мы жывем, пакуль памятаем…