Магічная мапа Гародні ад Андрэя Мялешкі

|

Гарадзенскі Шанхай

align=”” alt=”Шанхай, Гродно, магічная мапа” >

Раён з такой назваю звязаны з маім дзяцінствам. Менавіта сюды, у пачатак вуліцы Падольнай, што каля самага Нёмана, бацькі вадзілі мяне ў дзіцячы садок. Тут недалёка мой бацька працаваў ў будынку, які яшчэ за “польскім часам” служыў казармаю для майго дзеда. Дзед быў абаронцам Варшавы ў 1939 годзе і менавіта з Шанхая іх частку накіравалі ў Варшаву.

 

Праз Шанхай праходзіць чыгунка, якая нібыта падзяляе “небандыцкую” вуліцу Падольную з маленькімі вулічкамі і завулкамі ў самым бандыцкім раёне горада — Шанхаі. Тут пяць Падольных завулкаў, а над імі месцяцца могілкі. Спярша ідуць праваслаўныя, дзе можна знайсці магілу маці Багдановіча і ваяроў вайны 1812 года, а потым каталіцкія, дзе дамінантаю ёсць помнік Элізе Ажэшцы. Заканчваецца Шанхай вуліцай Прыгараднай і Крайняй, што ўпіраюцца ў вайсковыя могілкі.

 

Пра Шанхай заўсёды хадзілі легенды і паданні наконт вялікай колькасці злачынцаў, што тут жывуць, і вельмі вялікім гонарам для гарадзенца гадоў 30 таму было прайсціся праз Шанхай, каб цябе ніхто не зачапіў, і застацца жывым. Над Шанхаем узвышаецца шпіль закінутага будынка, які ў народзе называецца “Замкам Цмока”. Адзін з працаўнікоў гарадзенскай мытні хацеў пабудаваць сабе замак амаль у цэнтры Гародні. Улады не дазволілі гэта зрабіць, і цяпер будынак стаіць закінуты.

 

Самым цікавым і магічным для мяне ў дзяцінстве быў чыгуначны мост перад уваходам ў Шанхай. “Гэты мост, — казаў мне бацька, — самая кароткая дарога з Шанхая ў Палестыну”.


Палестына і сем яе дальніх завулкаў

Гарадзенская Палестына ў савецкі час была адным з самых далёкіх раёнаў Гародні. Прыватны сектар на вуліцы Пучкова і сямі Дальніх завулках заўсёды вабіў гарадзенскіх хлапчукоў сваёй таямніцай. Сюды мы прыходзілі па розныя цікавыя рэчы. Упершыню я змог трапіць сюды хіба ў пятым класе, калі аднакласнік завёў мяне да сваіх бацькоў, якія жылі на 4-м Дальнім завулку. Менавіта тут мне дзядзькі з зоркамі на плячах — нейкія суседзі аднакласніка — адрамантавалі зламаны сцізорык. Дарэчы, тут я ўпершыню ўбачыў татуіроўкі з пагонамі на плячах.

 

Што было цікавага ў той таямнічай Палестыне — дык гэта тое, што туды мы, хлапчукі, заўсёды дабіраліся чыгункаю. У сэнсе праходзілі каля чыгункі, пачынаючы ад чыгуначнага моста і заканчваючы чыгуначнай станцыяй Ласосна. На чыгунцы заўсёды можна было знайсці нешта цікавае: ці каляровыя шкляныя шарыкі, што прывозіліся ў гарадзенскі шклозавод, ці якую манету, што выпадкова выпала з цягніка Варшава — Санкт-Пецярбург, ці пачак ад цыгарэт, які выкінуў у акно які-небудзь замежнік. Такія скарбы меў амаль кожны з падлеткаў, якія хадзілі уздоўж гарадзенскіх заводаў карданных валоў і шклозавода праз Палестыну да станцыі Ласосна. Тут таксама можна было знайсці які-небудзь шруб ці болт, з якога, паклаўшы яго на рэйку перад цягніком, можна было атрымаць кавалак жалезіны, падобны да сцізорыка.


“Мост даўжынёй у два тыдні”

Кожны з пяці гарадзенскіх мастоў, па якіх месцічы пераязджаюць ці пераходзяць праз Нёман, маюць свае таямніцы. Аднак самым цікавым для мяне ў дзяцінстве быў мост праз маленькую рачулку Ласасянку каля таго месца, дзе яна ўпадае ў Нёман. Гэта былая вёска Ласосна, а цяпер жылы раён Гародні. Таямнічасць гэтага моста была ў тым, што менавіта тут можна было злавіць на вуду стронгу. Яна, кажуць, заходзіла сюды на нераст з Балтыкі. Цяпер гэтая магчымасць страчаная, бо тут пабудавалі ГЭС, а літоўцы паставілі запруду на Нёмане.

 

І гэта адзінае месца, дзе да таямнічасці старых сценаў трэба дадаць легенду: менавіта на гэтым месцы праходзіла мяжа паміж Расійскай імперыяй і Каралеўствам польскім. Пераехаўшы мяжу 31 снежня ў Каралеўстве, ты трапляў у 14 студзеня Расійскай імперыі. Цяпер праз гэты мост пралягае дарога — выезд з горада ў кірунку да Аўгустоўскага канала. Аснова моста засталася старая. Каменныя пліты, накладзеныя адна на адну, зараслі імхом, і, дакрануўшыся да іх, можна адчуць пах стагоддзяў. А ўверсе па нядаўна пракладзенай чатырохпалосцы праносяцца аўто. Адны ляцяць у Гародню, другія з яе. І толькі кавалкі муроў старога млына за 100 метраў ад моста кажуць пра былую веліч вёскі Ласосна.

 

 

***

Чытай таксама: Магічная мапа Гародні ад Алеся Дзянісава

***

 

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.


Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі [email protected] (з пазнакай у тэме ліста “Магічная Мапа”) спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!


Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”


“Твой стыль” з’яўляецца інфармацыйным партнёрам праекта ў Гродне.