“Spiritual Seasons”: скандынаўскія і ірландскія паданні ад украінскіх музыкаў

Асноўны напрамак творчасці – танцавальны. “У Ірландыі няма людзей, якія не ўмеюць танцаваць ірладскія танцы – ёсць людзі, якія выпілі мала піва ці віскі”, – тлумачылі музыкі са сцэны. Ды і ўсе ірландскія песні – піўныя. Наведвальнікі канцэрта акурат мелі магчымасць напіцца піва, бо пачатак затрымалі на 40 хвілін.

 

У сваіх песнях “Spiritual Seasons” звярталіся да жанру, які вельмі любяць – баллады. Кожная – гэта свая цікавая гісторыя з рознага часу: з часоў вікінгаў, сярэднявечча, ёсць і сучасныя балады. Напрыклад, слухачы танчылі пад нарвежскую народную  баладу XVII-XVIII стст. пра шлюбныя звычаі. Слухалі самую вядомую скандынаўскую баладу пра дзяўчыны-троля, якая вельмі  хацела ператварыцца ў звычайную дзяўчыну, шведскую баладу пра хлопчыка-ваўкалака.

 

З сярэднявечча патрапілі ў “Парламент” італьянскія танцавальныя мелодыі – “тантарэлы”. Былі таксама ірландскія патрыятычныя песні-сімвалы, з якімі ірландцы заваёўвалі сваю незалежнасць. Гучала ірландская піўная песня пра кунлу – істоту, якая прыходзіць ноччу да перапіўшага чалавека і ўсялякімі спосабамі здзекуецца з яго. Пасля  песні гурт прапанаваў выпіць за тое, каб у гэтую ноч і ўсе астатнія кунла не прыйшоў да нікога з публікі.

 

Спачатку слухачы сціпла стаялі і пляскалі ў ладкі, не адказваючы на прапановы гурта танцаваць і “лезьці на сцэну”. Але праз дзве-тры песні пачаліся хараводы ды пляскі ў полькавым стылі.

 

 

Паміж дзвюма часткамі, на якія падзяляўся канцэрт, Школа ірландскага танца Bassdance праводзіла майстар-класы. Настаўнічаў Сяргей Астрашэўскі, кіраўнік філіяла Bassdance у Гродне. Наведвальнікі маглі вывучыць два танцы. У першым народ “штурмаваў” сцены Ліберыка, а ў другім – Атлонскі мост.

 

 

Здымкі Алены Кавальчук