Марока: нататкі падарожніка. Частка ІІ
Першую частку падарожных нататак чытай тут. | ||
Дзень 4. Рабат-Касабланка-Аземур
Прачнуўшыся зранку ад салодкага сну, мы хуценька падрыхтаваліся да не менш салодкага занятка – сняданка на беразе АКІЯНА. Сабралі ежу – што ў каго было – і пайшлі. А ён жа шуміць. Прайшлі метраў дзвесце – і вось – бязмежны сіне-зялёны скарб-волат. Якая тут ежа – усе пабеглі дакрануцца да Атлантычнага акіяна і нарэшце зразумець, што гэта не сон.
Вада халодная, але бязмерна прыемная. Палоска далягляда размытая, і таму блакітна-зялёны скарб паступова ў нашых вачах станавіўся блакітна-белым небам.
Нахадзіліся ўздоўж узбярэжжа, нарабілі здымкаў, хтосьці папраў штаны. Селі снедаць. Жавалі і глядзелі на акіянскія хвалі – чым не каралеўскі сняданак? Пасля яго мы яшчэ трошкі пагойсалі басанож па ўжо гарачыму пяску і паехалі ў накірунку сталіцы.
Прыехаўшы, праціснуліся скрозь шумныя і цесныя шэрагі машын у заторах і выйшлі гуляць па старым горадзе – медзіне. Цудоўнае месца. Там шмат сіне-белых вузкіх вулічак з прыгожай мараканскай кафлянай пліткай, непаўторнымі ўзорамі, выкладзенымі са звычайных камянёў, але, бачна, з незвычайным талентам і ўменнем.
Дзе-нідзе прадавалі апельсінавы фрэш, цыгарэты па адной штуцы, а для турыстаў ігралі рознакаляровыя музыкі. Увесь час па медзіне хадзілі мясцовыя жыхары – мужчыны, апранутыя так, быццам было градусаў пятнаццаць, а не трыццаць, і жанчыны – таксама “звышзапакаваныя”.
Прайшліся па базары, дзе прадавалася ЎСЁ – там я набыла сабе магніцік. Своеасаблівы пах быў там, дзе прадавалася ежа – спёка ж.
Уразіў мясцовы “блашыны рынак”. Там прадаецца столькі непатрэбных рэчаў, быццам сабраных па сметніцах. Іх прадаюць нам як антыкварыят.
Ад сталіцы паехалі ў бок Касабланкі. Я вельмі хацела па ёй прагуляцца, але перадумала. Столькі пылу і машын, што снуюць туды-сюды, “падразаюць” і сігналяць, я мала дзе бачыла. Па горадзе мы ехалі гадзіны дзве. З іх палову хутчэй не ехалі, а стаялі. Да таго ж спёка. Таму ані мне, ані каму-небудзь са спадарожнікаў не захацелася бадзяцца па гэтым шуме, пылу і гарачыні. Адзінае, ад чаго не адмовіліся б – абед.
У кіламетрах дваццаці ад эканамічнай сталіцы Марока мы спыніліся ў кавярнечцы на тажын (нацыянальную мараканскую страву з тушанай агародніны і/ці мяса). Смачна! Запілі мы гэту страву салодкай зялёнай мятнай гарбаткай, што лічыцца адным з самых папулярных мясцовых напояў. Яе прыемны смак, упэўнена, заварожыць любога, нават таго, хто зусім не п’е салодкую гарбату. Напой падаюць у акуратненькіх маленькіх імбрыках, і разліваюць па шкляначках, што па памеры нагадваюць чаркі.
Па дарозе ў Эль-Джадзіду, дзе па планах мы павінны былі спыніцца на ноч, нам трапіўся невялікі гарадок Аземур – незапланавана, але прыемна. Там мы доўга лазілі па медзіне (увечары гэткі шпацыр здаваўся казкай), рынку, што на здзіўленне быў вельмі людным – часамі складана было разыйсціся з мінакамі. Нас уразіў мясцовы вулічны пах – сумесь прыправаў з прыемным усходнім парфюмам. Малюнкі-графіці на сценах будынкаў – маленькія і вялікія, сур’ёзныя і камічныя – загіпнатызавалі ўсіх – хадзіў бы і глядзеў.
Тут мы думалі спыніцца ў якой-небудзь таннай гасцініцы, але ўсе ж схіліліся да намётаў, дзе і заначавалі на пад’ездзе да Эль-Джадзіды – зноў пад гоман Атлантычнага акіяна.
Дзень 5. Эль-Джадзіда – Сафі – Эссуэйра
Прачнуліся і паехалі ў доўгачаканую Эль-Джадзіду, да якой заставалася ўсяго кіламетраў пятнаццаць. Паснедалі ў невялікай кавярнечцы сямейнага тыпу смачнай яечняй з духмяным хлебам і мятнай гарбаткай.
Тут знаходзіцца вялікая крэпасць Мазаган, пабудаваная партугальцамі на пачатку шаснаццатага стагоддзя – яна ўнесена ў спіс помнікаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Тут прыгожыя светла-жоўтыя сцены, пушкі рознага памеру і складу. А які краявід адкрываецца за сценамі крэпасці з маленькіх байніц! Прыгажосць і захапленне!
Мы палазілі па шматузроўневай магутнай крэпасці, каларытных вулічках медзіны, зайшлі на рынак. Там было шмат рыбы – сырой і смажанай. Ох, які там быў пах! Як мага хутчэй адтуль сышлі.
“Адбіліся” ад мясцовых паркоўшчыкаў, што хацелі ўзяць з нас, відавочных турыстаў, грошы за “паркінг” уздоўж тратуара, заехалі па ваду ў супермаркет і накіраваліся далей. На шляху нам трапіўся вельмі маляўнічы пляж, дзе мы пагулялі, пазбіралі ракушкі, а хтосьці нават і крыху паплаваў.
Наступны наш пляж быў яшчэ больш маляўнічы. Ён адметны тым, што там вялізныя хвалі, якія з непамернай хуткасцю несліся да берага. І з усёй хуткасцю яны разбіваліся аб паўразбураныя паточаныя вадой скалы. Вось яна – натуральная моц прыроды. “Дзіравыя” скалы, магутныя хвалі Атлантыкі, афрыканскае неба і гарачы пясок паланілі нас на гадзіны паўтары.
Потым мы спыніліся каля закінутай сядзібы нейкага, напэўна, заможнага магната-мараканца. Прыгожы будынак, прыгожае месца. Але побач пачалі будаваць нейкі вялізны завод. Відаць, таму гаспадар са сваёй сям’ёй і з’ехаў.
Будзем спадзявацца, што гэты завод будзе вырабляць нешта вельмі-вельмі карыснае для людзей. Зрабілі некалькі здымкаў мясцовых краявідаў, сарамлівага осліка, што пасвіўся побач, ярка-аранжавых кветачак, якія былі паўсюль там “насыпаныя”, і паехалі далей.
Далей нас чакаў нерэальна прыгожы абрыў, які захопліваў дух. Вось ён – край цэлага грамаднага кантынента. Я села на гэты край і адчула сябе птушкай ці кімсьці падобным. Адно вядома – гэтая істота ў той час была шчаслівай.
Ля абрыва мы сустрэлі прыемную пару турыстаў з Польшчы (да таго ж з гарадзенскімі каранямі!), што падарожнічала ў доме на калёсах. З поўнымі шчасця і задавальнення вачыма мы абмяняліся расповедамі, дзе ўжо пабывалі і куды накіроўваемся далей.
Горад Сафі мы проста праехалі без спынення. Ён запомніўся нам вельмі вялікім заводам (магчыма, іх там было некалькі) і не меншай будоўляй уздоўж дарогі, дзе старанныя працаўнікі то тут то там прыпынялі рух аўтамабіляў. Далей міналі закінутыя гарады і прыгожыя краявіды, ля некаторых з якіх мы не адмаўляліся спыніцца.
Нее, гэта не Крым і нават не Турэччына з Іарданіяй. Тут мужчыны збіраюцца абмеркаваць свае справы не пад піва ці што мацнейшае, а пад прыгожа пададзеную мятную гарбату, чорную “густую” каву, колу ці нават ёгурт! Толькі ўявіце сабе – тут уздоўж дарог прадаецца не хатняе віно, а аліўкавы алей!
Калі мы прыехалі ў Эссуэйру, ужо вечарэла. А калі выйшлі з машын, стала вельмі холадна і захацелася апрануць на сябе ўсё цёплае, што мелі. Мы пакінулі машыны і пайшлі шукаць, дзе спыніцца на ноч і дзе падсілкавацца – амаль што цэлы дзень без ежы.
Дзе спыніцца мы знайшлі даволі хутка – ужо другая гасцінічка з тых, дзе мы пыталіся пра вольныя пакоі, задаволіла нашыя жаданні. Праз тое, што яшчэ не вельмі “сезон”, пастаяльцаў у гаспадара было вельмі мала (не ўпэўнена, ці яны былі наогул), і мы без складанасцяў засяліліся ў тры пакойчыкі на трэцім паверсе па 50 з чалавека. Усіх вельмі радавала магчымасць схадзіць у душ і папраць рэчы.
Мы перанеслі ўсё неабходнае ў нашы пакойчыкі і пайшлі гуляць па вечаровым лабірынце медзіны, дзе было багата людзей, рознага тавару і бруду. Дзесьці нам прапаноўвалі мясцовы фастфуд, дзесьці можна было прынесці свае прадукты і цемнавокі кухар згатаваў бы ўсё па нашым гусце. Але не, мы знайшлі прыемненькі мараканскі арт-рэстаранчык з жывой музыкай (гэтыя музыкі недзе наверсе сыгралі пару мелодый і сышлі ) і нацыянальнай кухняй.
Мараканскі супчык-пюрэ (25 дзірхамаў) з сачавіцай, нутам, таматнай пастай і спецыяльнымі прыправамі быў даволі смачны. Спрытны афіцыянт абяцаў, што будзе востранька, але ж не, нешта ў вастрыні ў гэтай краіне не разумеюць. Разы ў два вастрэй было б самае тое. Там я ўпершыню пакаштавала кус-кус (нацыянальная страва з пшанічных крупаў і тушанай агародніны з мясам, часцей баранінай). Ці смачна? Так, смачна!
Павячэралі пад святло свечак і подых мараканскага вечара, сабралі тое, што не даелі, з сабой, яшчэ трошкі пагулялі і пайшлі ў нашыя мараканскія пакойчыкі. Там нас чакалі яшчэ дзве бутэлькі мараканскага віна і больш за гадзіну размоваў пра кнігі, жыццё тут і там і (як жа без яе?) палітыку.
У душ, папраць і спаць!
Здымкі аўтаркі, Аляксандра Шчэрбіна і Андрэя Жаўтковіча
Працяг будзе…
Іншыя падарожжы “Твайго стылю” глядзі на нашай мапе.
View Мапа падарожжаў “Твайго стылю” in a larger map