Магічная мапа мястэчка Поразава ад Віктара Шалкевіча
Поразава было каралеўскім мястэчкам, з такіх мястэчак і складалася Вялікае Княства Літоўскае. Першыя згадкі пра яго з’явіліся ў 1460 годзе, калі Ян Рымвід заснаваў касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла. У 1506 годзе Поразава займела Магдэбургскае права. За часамі Кацярыны Другой калі шляхта не магла пацвердзіць сваё шляхецтва, яе пераводзілі ў разрад так званых “государственных” ці “казённых крестьян”, таму жыхары навакольных вёсак дражнілі поразаўцаў “казінцамі” – не таму, што коз трымалі, а таму што “казённыя” сяляне. Яшчэ нас дражнілі макароннікамі, бо макароны – гэта нешта такое гарадское, а мы навакольных дражнілі адвараннікамі, адвары – гэта адвараная бульба.
У Поразаве было многа ганчароў, нават мой бацька некалі рабіў гаршчкі. Поразаўская чорная кераміка даязджала ажно да Індуры, а гэта амаль 100 кіламетраў.
Вуліца 17 верасня
Поразава вельмі змянілася пасля вайны, бо немцы спалілі яго практычна ўсё, апрача вуліцы Маташанскай, якая цяпер называецца вуліцай 17 верасня. Немцы палілі Поразава даволі гуманна – людзей выганялі, а хаты спальвалі. І людзі сабралі яйкі, сала, выйшаў таксама ксёндз, і папрасілі, каб немцы вуліцу не палілі. І немцы ўзялі ў людзей гэты хабар і вуліцу пакінулі. Поразава адбудавалася, з’явіліся паваенныя дамы, а гэтая вуліца Маташанская выглядае гэтак жа, як да 1939 года, – такая смешная, хаткі маленькія, курыныя, вельмі цікава па ёй прайсціся.
Сінагога і касцёл
Навакольныя вёскі справа ад Поразава былі каталіцкія, а з левага боку – праваслаўныя. Каталіцкія вёскі гналі самагонку з мукі, а праваслаўныя – з цукру.
Поразава – старажытны цэнтр каталіцтва і ўніяцтва. Тут ёсць поўны набор – касцёл, царква, была ўніяцкая царква, якую скасавалі ў 1932 годзе, і сінагога. Сінагога згарэла падчас вайны, яе адбудавалі, аднавілі страху, але цяпер яна ў заняпадзе, там нічога няма. Адзін таварыш па вайне вельмі цікава выкарыстаў габрэйскія могілкі: ён паздымаў усе мацэвы, паразбіваў на камяні, і гэтымі камянямі была замошчаная дарога з Поразава ў Ваўкавыск. Але гэтага таварыша напаткала такая страшэнная кара, што нават і няёмка гаварыць.
Касцёл Святога Міхала Арханёла быў адбудаваны ў 1828 годзе. Мама расказвала, што людзі прывозілі камяні проста з поля для будоўлі. Алтар у гэтым касцёле распісаны слынным мастаком Пётрам Сергіевічам, ён намаляваў Матку Боску з дзіцем на фоне ізраільскага пейзажа, вельмі паэтычна гэта ўсё выглядае.
Трыгоры
Поразава стаіць на рацэ Паразоўцы, але ёсць такая легенда, што калісьці яно было ў Трыгорах – гэта такая мясцовасць непадалёк. Там сапраўды горкі, і мама мне расказвала, што на адной з іх стаяла праваслаўная царква, якая потым правалілася пад зямлю. І калі ў нядзелю ў 12 гадзін прыкласці вуха да зямлі, то можна пачуць, як звоняць званы. Таксама была легенда, што дзесьці каля Поразава быў камень з адбіткам нагі Маткі Боскай. А яшчэ кажуць, што ў Трыгорах часам можна спаткаць чорта, ён водзіць людзей, частуе іх яблыкамі.
У Поразаве былі цудоўныя жыхары, цікавыя людзі, многіх старых я памятаю па імёнах і мянушках. Мы жылі на мяжы паміж палешукамі і літвінамі. Калі мы ездзілі сена касіць, то сутыкаліся з палешукамі, яны казалі: “О, літвіны прыйшлі!” На тым і стаялі.
У Поразаве нарадзілася заснавальніца габрэйскага тэатра Эстэль Рахель Камінская, яна была дачкой кантара ў сінагозе, потым трапіла ў Варшаву, дзе разам з мужам яны стварылі прафесійны габрэйскі тэатр. Увогуле адсюль пайшло шмат дактароў, навукоўцаў, цікавых людзей, але, здаецца, мястэчка на сёння выдала з сябе ўсё, што магло. Цяпер застаўся толькі попел, у якім нешта слаба іскрыцца. Старое пакаленне вымерла, а маладыя з’ехалі, мястэчка ў поўным заняпадзе, зарастае лесам. Баюся, што праз колькі дзясяткаў гадоў тут ужо нікога не застанецца.
***
Чытай таксама: Магічная мапа Гародні ад Андрэя Мялешкі
Чытай таксама: Магічная мапа Гародні ад Алеся Дзянісава
***
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі [email protected] (з пазнакай у тэме ліста “Магічная Мапа”) спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”
“Твой стыль” з’яўляецца інфармацыйным партнёрам праекта ў Гродне.