Малы бізнес у Слоніме становіцца яшчэ меншым

Згодна са звесткамі аддзела эканомікі райвыканкама, у сферы малога прадпрымальніцтва ў Слонімскім раёне цяпер занята больш за 6,8 тысячы чалавек. Гэта складае 19,8% ад усіх занятых у эканоміцы.

 

Іх колькасць ад пачатку года скарацілася на 10% (на 1 студзеня 2014 года занятых у сферы малога прадпрымальніцтва налічвалася 8 449 чалавек).

 

Пры гэтым індывідуальных прадпрымальнікаў стала больш. У Слонімскім раёне на 1 ліпеня 2014 года быў зарэгістраваны 1 881 індывідуальны прадпрымальнік. Ад пачатку года ІП пабольшала 17 чалавек.

Сёлета за першае паўгоддзе ў Слонімскім раёне было зарэгістравана 25 арганізацый малога прадпрымальніцтва. Сярод іх найбольш арганізацый па аказанні гандлёвых паслуг.

Усяго на 1 ліпеня 2014 года ў Слонімскім раёне зарэгістравана 446 арганізацый малога і сярэдняга бізнесу, з іх 368 — у горадзе, 78 — у сельскай мясцовасці. Ажыццяўляюць дзейнасць 419 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, з іх 406 — малога прадпрымальніцтва і 13 — сярэдняга (з колькасцю большай за 100 працуючых).