У Гродне стварылі сацыяльны сэрвіс для ўзаемадапамогі

Міхаіл Лукьянчыкаў (на фота), адзін з заснавальнікаў вэб-студыі “МікраБокс”, распавядае, як ствараўся праект:

 

– На адной з сустрэч мы абмяркоўвалі, які прадукт нам цікава зрабіць, і сышліся на думцы, што хочам зрабіць не нешта забаўляльнае, а карыснае і патрэбнае людзям.


Нехта ўзгадаў, што ў сацсетках бачыў мінскую групу ўзаемадапамогі – туды звяртаюцца людзі, якім патрэбная дапамога ў якой-небудзь дробнай справе: напрыклад, дзяўчына просіць данесці цяжкія валізкі з вакзала.


Мы задумаліся, што, сапраўды, у жыцці часта ўзнікаюць сітуацыі, калі людзям патрэбна дапамога, а адзінай прасторы, дзе яе можна знайсці, няма. Так і прыйшла ідэя стварыць  сацыяльны праект, які аб’яднвае тых, каму патрэбна дапамога, і тых, хто можа дапамагчы.


Мы не ставім нейкіх абмежаванняў па дапамозе, пра якую можна пытаць у сэрвісе. Гэта можа быць якая заўгодна сітуацыя: згубіўся ключ, уцёк сабака, машына зламалася ў дарозе, патрэбен папутчык.

 

Прыкладанне выпушчана на трох мовай – рускай, англійскай і беларускай.


– Праграмістаў успрымаюць як такіх тэхнароў, прыкаваных да сваіх манітораў, – кажа Міхаіл. – Мы вырашылі зламаць гэты стэрэатып і паклапаціцца аб культуры таксама. Такім невялікім сваім намаганнем мы хочам укласці свой унёсак у развіццё беларускай мовы і культуры.


Як гэта працуе?

 

Карыстальнік пакідае ў прыкладанні запыт аб дапамозе з апісаннем просьбы ці праблемы. З дапамогай GPS-навігатара сістэма аўтаматычна распазнае і паказвае яго дакладнае месцазнаходжанне. Карыстальнікі сэрвісу, якія адсочваюць запыты аб дапамозе ў горадзе, убачаць запыт аб дапамозе з дакладным месцазнаходжаннем і змогуць прыйсці на дапамогу.


– Канешне, прыкладанне будзе карысным толькі тады, калі там ёсць карыстальнікі, – кажа Міхаіл. – Чым больш карыстальнікаў, тым больш людзей убачаць вашу просьбу, тым больш шанец, што нехта апынецца побач і дапаможа. Мы спадзяемся, што прыстасаванне стане папулярным сярод гарадзенцаў і жыхароў іншых гарадоў і краінаў, і ў свеце стане рабіцца больш добрых справаў!

 

Пакуль прыкладанне працуе на смартфонах на платформе Android, але хутка будзе даступнае і для карыстальнікаў Windows Phone. Сэрвіс цалкам бясплатны, ужо цяпер яго можна спампаваць тут.