У Гродна прыязджае Пасол Еўракамісіі
Пасля візіту ў Мінск пасол (на здымку) правядзе сустрэчы са старшынём аблвыканкаму Ўладзімірам Саўчанка і мэрам Гродна Барысам Казялковым. Ён урачыста адкрые інфармацыйны цэнтр праграмы ЕС “Невядомая Еўропа”, які будзе прапаноўваць інфармацыю пра турыстычныя магчымасці Аўгустоўскага і Гродзенскага каналаў, у тым ліку праз Інтэрнет.
Як раней пісаў “Твой стыль”, 16 ліпеня адбыўся візіт у Гродна прадстаўніка аддзела праграмы ЕС у Беларусі і Украіне Клаўдыі Фішэр, якая таксама знаёмілася з “Невядомай Еўропай”.
Беларусь, згодна з гэтым праектам, атрымае каля паўмільёна еўра. На сёння больш за сто чалавек прайшлі ў Польшчы навучанне ў сферы арганізацыі турызма.
Таксама пасол адкрые ў абласной клінічнай бальніцы цэнтр па барацьбе са спадчынным ракам. Установа будзе займацца дыягностыкай людзей са схільнасцю да гэтай хваробы.
Рак з’яўляецца другой асноўнай прычынай смерці ў Беларусі. Спадчынны ж рак складае каля 20% усіх выпадкаў. Для людзей, схільных да яго, існуе вялікая рызыка захворвання. Але гэты від рака можна папярэдзіць і тым самым ліквідаваць небяспеку для здароўя і жыцця.