Гурт “Стары Ольса” адзначыў у Гродна сваё 15-годдзе

У Гарадзенскім музычным каледжы ў гэты дзень “Стары Ольса” ладзіў канцэрт з нагоды свайго юбілею.

 

Павіншаваць музыкаў з гэтай важнай датай прыйшлі як пастаянныя наведвальнікі канцэртаў, так і зусім новая публіка, якая ўпершыню чула песні гурта ўжывую.

 

– Я з сям’ёй заўсёды хаджу на іх канцэрты ў Гародні. Мне вельмі падабаецца музыка і гістарычная тэматыка. У школе, на жаль, такой гісторыі не вучаць… А яна ж нашая, сапраўдная. Таму і люблю “Старога Ольсу”. І атмасфера на канцэртах заўсёды такая сямейная, – дзеліцца з намі сваімі ўражаннямі адна са слухачак.

 

Адзінае, што ёй не спадабалася – адсутнасць рэкламы ў горадзе.

 

У самым пачатку выступа Зміцер Сасноўскі, заснавальнік і кіраўнік гурта, адзначыў: “Менск, Гародня і Гомель – тры гарады, дзе нас заўсёды добра прымаюць”.

 

Ужо пасля першага выкананага твора публіка падхапіла настрой, разняволілася і адчула подых Сярэднявечча.

 

Гарадзенцы разам пачалі пляскаць у рытм музыцы, а ў перапынках паміж песнямі з задавальненнем слухалі Зміцера, смяяліся разам з ім і астатнімі выканаўцамі і жартавалі. У залі сапраўды панавала цёплая і сяброўская атмасфера.

 

Падчас выступу “Старога Ольсы” прагучалі як даўно вядомыя творы розных часоў (“Шлях”, “Немец” і інш.), так і некалькі новых, яшчэ не запісаных песен (“Гімн студэнтаў”, “Заснаванне Вільні”).

 

– Давайце яшчэ пра Воршу! – пачуўся голас з залі, які падтрымалі ўсе астатнія. Жаданне публікі было выкананае: музыкі завяршылі свой выступ песняй “Літвін”. Не вагаючыся ні секунды, гарадзенцы ўзняліся з месцаў і ўсю песню слухалі стоячы, пляская ў ладкі, а некаторыя нават спявалі разам з выканаўцамі.

 

Ня гледзячы на тое, што гэта песня мусіла стаць апошняй, пасля няспынных гучных апладысментаў і авацый, музыкі выйшлі на біс і выканалі яшчэ адзін твор у гонар 500-годдзя бітвы пад Воршай.

 

Такім чынам, разам са “Старым Ольсай” гарадзенская публіка ня толькі адзначыла 15-годдзе гурта, але і ўшанавала памяць аб Аршанскай бітве, што адбылася ў 1514 годзе.

 

Пасля канцэрту кожны жадаючы мог набыць сабе дыскі з альбомамі “Старога Ольсы”, кнігу Зміцера Сасноўскага “Гісторыя беларускай музычнай культуры XIX – XX стст.” або фірмовую цішотку і атрымаць аўтографы.

 

Фота аўтара