Які ён беларускі мужчына?

Асабіста я ўяўляю яго сабе з вялізнымі блакітнымі вачыма ў рудыя крапінкі, якія падобныя да акварыумаў з залатымі рыбкамі. У яго павінны быць русыя валасы, выразныя скулы, мужны падбародак і нос бульбай. Ён смелы, моцны, цікавы, мае пэўныя мэты ў жыцці і жаданне чагосьці дамагчыся. Ён спартыўны і ніколі не сядзіць на адным месцы. З гэтым хлопцам ёсць пра што паразмаўляць. Ён начытаны і разумны. На шчасце, я ўжо сустрэла свайго ідэальнага беларускага мужчыну.

 

А якім яго ўяўляюць іншыя? Мы папрасілі адказаць на некалькі пытанняў шэсць дзяўчат з розных куткоў Беларусі і не толькі.

 

Айна, былая студэнтка ГрДУ, родам з Туркменістана:

– Калі ўявіць, то ён такі немец, а калі рэальна судзіць, то такі рускі, толькі беларус. Дзяўчат любіць больш за спорт, працаваць любіць менш, чым адпачываць. Есці любіць таксама, як і глядзець спартыўныя каналы, і вядома ж, умее мыць посуд.

 

Бровы ў майго мужчыны такія, нібы іх паскублі. Мара кожнай дзяўчыны. Яны не моцна густыя, але і не рэдкія. Пры гэтым не тоўстыя і не тонкія. Вочы не капейкі, але круглыя і блакітныя. А можа шэрыя або зялёныя. Форма твару круглаватая. Падбародак нявостры. Той, што старэйшы за 25, непаголены: мае лёгкую і негустую шчаціну, светла-карычневую, як валасы і бровы, але можа на тон адрознівацца. У яго кароткая стрыжка, хоць ён можа быць і доўгавалосым з хвосцікам. Нос ледзь-ледзь закруглены, але не бульбай. Вушы не тырчаць, але не маленькія. Вусны не тонкія, але і не пульхныя, ніжняя губа большая за верхнюю, але не выпячваецца.

 

Аўтар: Гэты хлопец будзе маладзейшы за 25, таму і без шчаціны. Ён атрымаўся падобным да спартсмена ды і спартыўныя каналы глядзець любіць, але, думаю, пад апісанне Айны падыходзіць.


Таня, працуе і вучыцца ў Мінску:

– Усе мужчыны розныя ў любой нацыянальнасці, таму нельга так абагульняць.

 

А ўвогуле, калі прасочваць нейкія тэндэнцыі ў беларускіх мужчын, то хутчэй можна вылучыць наступныя найбольш характэрныя рысы: яны летуценнікі, якія быццам і шмат працуюць, але ў іх рэдка атрымліваецца накіраваць свае сілы і намаганні ў патрэбнае рэчышча, каб дасягнуць сваіх мэтаў. Дастаткова адкрытыя, гатовыя дапамагчы, але ў той жа час маюць мноства комплексаў і няўпэўненыя ў сабе. І яшчэ ранімыя.

 

Бровы ў такога мужчыны тонкія. Вочы, вядома, блакітныя. З формай цяжка. А якія яны бываюць? Хай будуць звычайныя, без анамалій. Твар квадратны. Трохі расліннасці. Валасы – сантыметраў пяць. Нос тонкі і доўгі. Вусны сярэднія. Вушы схаваныя пад валасамі. Без акуляраў.

 

Аўтар: На мой погляд, гэты хлопец атрымаўся самым прыгожым. Такі летуценны і ранімы. Вось толькі вушы пад пяцісантыметровымі валасамі неяк  не атрымалася схаваць. У астатнім, думаю, пад апісанне Тані падыходзіць.

 

Маша, вучыцца ў Гродне, родам з Гомеля:

– Беларускі мужчына, асабіста для мяне, выглядае так: высокага росту, са светлымі валасамі, вочы карыя ці блакітныя. Працавіты, гатовы працаваць дзень і ноч, заўсёды гатовы дапамагчы. Бровы негустыя і незрослыя. Вочы міндалепадобныя. Форма твару авальная, але не худая. Расліннасці на твары няшмат. Валасы светлыя, некароткія, трохі падоўжаныя. Нос не ведаю які. Вушы за валасамі схаваюцца. Вусны нятонкія. Без акуляраў.

 

Аўтар: Ён мне нагадвае аднаго канадскага акцёра – Торанса Кумбса. Вельмі нават сімпатычны. Пад апісанне Машы падыходзіць.


Хрысціна, вучыцца ў Мінску, родам з Баранавічаў:

align=”” width=”515″ height=”393″ >

– Светлавалосы, вясёлы, сярэдняга росту, прыязны, трошкі вар’ят і трошкі сэксіст. Працавіты, часта бавіць свой вольны час з сябрамі, але калі знойдзе каханне свайго жыцця, апускаецца з галавой у сям’ю.

 

Бровы?.. Хм, звычайныя, трошкі запушчаныя, нясветлыя. Вочы вялікія, блакітныя ці шэрыя. Форма твару – сэрца з праступаючымi скуламі. Расліннасць невялікая. Валасы светлыя, трошкі раскудлачаныя, але гэтая раскудлачанасць  нядбайная і мілая. Нос бульбай. Вушы трошкі тырчаць, але гэта прыгожа і міла. Вусны досыць поўныя. Акуляры не патрэбныя.

 

Аўтар: Хлопец вельмі мілы, прыязны і трохі сэксіст? Хм, думаю, я справілася.


Паліна, вучыцца ў Польшчы, родам з Гродна:

– Як па мне, дык самы лепшы на свеце. Імкнецца да сваёй мэты, не сядзіць на шыі ў бацькоў. Раней за іншых еўрапейскіх мужчын імкнецца завесці сям’ю, зацвердзіцца ў жыцці, чаго-небудзь дасягнуць. Добра выглядае, здольны на рашучыя ўчынкі. Праўда чула адзін нюанс: нашыя мужчыны, спрабуючы заваяваць дзяўчыну, укладваюць у яе шмат грошай (кіно, кветкі, рэстараны, падарожжа), а пасля вяселля казка раптоўна заканчваецца. У еўрапейцаў іншае мысленне: яны не плацяць за дзяўчыну ні ў кіно, ні ў кафэ. Усё пароўну. А вось калі жонка, тады іншая справа.

 

У майго беларуса павінны быць нешырокія, светлыя бровы. Вочы блакітныя ці шэрыя. Форма твару – круглая. Відавочна незарослы, так бародка ледзь-ледзь. Прычоска модная (уплыў суседніх краін). Нос бульбай. Вусны звычайныя, сярэдніх памераў. Вушы не тырчаць. Без акуляраў.


Аўтар: У мяне атрымаўся гэтакі «еўрапейскі хлопец». Прыгожы, модны і мэтанакіраваны. Заўсёды ў курсе апошніх тэндэнцый. Думаю, Паліне спадабаецца.


Александрына, жыве і працуе ў Гродна:

– Па характары марудлівы. Сем разоў адмерай – адзін раз адрэж, гэта пра яго. Любіць жывёл, з паўпавароту не заводзіцца, трохі балбатун і казачнік, калі вып’е. Цярплівы.

 

Такі мужчына загарэлы, з яркімі блакітнымі вачыма і выгаралымі на сонцы бровамі. Твар авальны. Лёгкая няголенасць упрыгожвае мужчыну. Зрэшты, няма часу пагаліцца. Толькі ў нядзелю перад касцёлам. Русыя валасы ў кароткай стрыжцы з ліха загорнутым чубчыкам. Нос зламаны, з-за гэтага з гарбінкай, падобны да арлінага. Не з адтапыранымі вушамі. Вусны звычайныя, без усялякіх адметнасцей. Рукі агрубелыя ад цяжкай працы, з мазалямі, рукі, якія выступаюць венамі. Валасатыя грудзі, але ў меру. Акуляраў няма, толькі сонечныя летам.

 

Аўтар: Яркія блакітныя вочы, арліны нос… Я нічога не забылася. Погляд мудрага, церпялiвага  чалавека. Думаю, Аляксандра будзе задаволеная.

 

Выснова: Відавочна, што нашым дзяўчатам падабаюцца блакітнавокія няголеныя хлопцы. Калі я прачытала ўсе пералічаныя вышэй апісанні беларускіх мужчын, я думала, што ў мяне атрымаецца шэсць аднолькавых хлопцаў. Але не, яны ўсё атрымаліся вельмі рознымі і прыгожымі.

 

А як выглядае ваш беларускі мужчына?