“Нёман”, як справы?

|

Са з’яўленнем новага старшыні ў “Нёмане” клуб пакрысе выбіраецца з пазыкаў.

 

Каманда з’ездзіла на першы збор у Ліду, а цяпер рыхтуецца да сезону ў Гродне. “Нёман” эканоміць на ўсім і нават на харчаванні. Футбалісты да гэтага часу яшчэ «галодныя», як у прамым, так і пераносным сэнсе.

 

Моладзь, якая дэбютуе ў гэтым сезоне, жадае хутчэй стартаваць у Вышэйшай Лізе, а так званыя “старыя” не маюць іншых прапаноў i вымушаныя гуляць на тых умовах, якія прапаноўваюць.

 

Вяртанне?

 

У Гродна чарговы раз вяртаецца Іван Дзянісевіч (на здымку ўверсе злева). Цікава, ці надоўга?

 

Ужо ў першым матчы (таварыскім) гэтага года ў у гульні з дэбютантам Вышэйшай Лігі – ФК “Граніт”, Іван выйшаў з павязкай капітана.

 

Шматлікія заўзятары гарадзенскай каманды былі занепакоеныя гэтым рашэннем кіраўніцтва, але пакуль што Іван знаходзіцца на праглядзе і апошняе слова тут за Саладоўнікавым.

 

У Гродна прыехалі яшчэ два абаронцы, якія раней гулялі за гарадзенскую каманду і ў свой час зарэкамендавалі сябе са станоўчага боку. Гэта Сяргей Сасноўскі і Андрэй Горбач, выпускнік мастоўскай школы футбола.

 

На праглядзе ў камандзе знаходзіцца яшчэ адна яркая асоба. Гэта камерунскі паўабаронца Пол Ралан Бебей Кінг (Paul Rolland Bebey Kingué), які выступаў за сваю зборную на Алімпійскіх Гульнях у Пекіне.

 

Спрабуюць замацавацца ў камандзе таксама латвійскі паўабаронца Дзмітрый Тарасаўс і расійскі брамнік Раман Фамін.

 

Першы матч сезона

 

У сераду гарадзенская каманда правяла першую таварыскую гульню ў гэтым сезоне. Падапечныя Сяргея Саладоўнiкава сустракаліся з дэбютантам Вышэйшай Лігі – ФК “Граніт” з Мікашэвіч.

 

Гульню праводзілі на нейтральным полі ў Брэсце.

 

Там гарадзенцы і атрымалі першую перамогу ў гэтым сезоне (адзіны гол у сустрэчы забіў Артур Бомбель).

 

“Нёман” гуляў наступным складам: Васiлючэк, Анюкевiч, Сасноўскі, Горбач, Пазьняк, Бебей Кінг, Лягчылiн, Мацвееў,  Дзенісевіч (к), Лісіца, Бомбель.

 

У другім тайме выйшлі: Фамін, Лешко, Халецкі, Тарасаўс, Лукашын, Кавалёнак, Сянкевіч і Журневiч.

 

Лёсаванне

 

Зусім нядаўна ў Доме футбола прайшло лёсаванне новага сезона ў Вышэйшай Лізе.

 

Стала вядома, што “Нёман” правядзе свой першы матч у чэмпіянаце ў Гродне. У першым туры гарадзенцы сустрэнуцца з срэбранным прызёрам 2014 года мiнскім “Дынама”.

 

Але ўжо па традыцыі, гарадзенская каманда пачынае сезон з матчу Кубка Беларусі.

 

У ¼ фіналу падапечныя Сяргея Саладоўнікава сустрэнуцца чарговы раз з барысаўскім БАТЭ.

 

Нягледзячы на ўсе праблемы, гораду ўдалося захаваць каманду. У гэтым сезоне “Нёман” будзе выступаць у моцна абноўленым складзе. Заўзятарам застаецца спадзявацца, што гэты складзецца для каманды лепш за папярэдні.

 

Фота: ФК “Нёман”