Міжнародны фестываль “Каложскі дабравест” праходзіць у Гродне

| Без катэгорыі

11 лютага сцены Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра напоўніліся царкоўнымі спевамі. Тут прайшло ўрачыстае адкрыццё Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі дабравест”, якое сабрало поўную залу людзей.

 

У Гродне мерапрыемства ўжо стала добрай традыцыяй і праводзіцца 14 раз. У гэтым годзе ў фестывалі ўдзельнічае 41 калектыў з сямі краін. Традыцыйна гэта калектывы з Беларусі, Літвы, Расіі, Польшчы і Румыніі і ўпершыню – з Грузіі і Малдовы.

  

Пачалася цырымонія выступам хора святароў Гродзенскай епархіі. Першым нумарам стала выкананне кампазіцыі “Магутны Божа” на словы Наталлі Арсенневай і музыку Міколы Равенскага.

 

З вітальным словам са сцэны выступіў Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі.

“Царкоўныя песнапенні, царкоўная культура – гэта не проста вяртанне да вытокаў нашай культуры, – звяртаецца да слухачоў архіепіскап, – гэта, перш за ўсё, заклік вярнуцца да вытокаў нашай духоўнасці, бо наш духоўны стан – гэта ўсё наша жыццё. Царква – гэта не толькі архіярэй і некалькі святароў, царква – гэта мы з вамі”.

На адкрыцці фестывалю публіцы далі ўнікальную магчымасць пачуць араторыю мітрапаліта Іларыёна Алфеева “Жарсці па Мацею” ў выкананні Гродзенскай капэлы. У араторыі музычныя нумары чаргаваліся з рэчытатывамі, якія распавядалі пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста. Салістамі выступілі Марына і Уладзімір Гаравыя. Напрыканцы цырымоніі задаволеная публіка пляскала стоячы.

 

Сваімі ўражаннямі дзеліцца студэнтка Ксенія:

 

“Спадабалася. Музыка праваслаўная ўсім падабаецца. Але фестываль не толькі распаўсюджвае праваслаўную веру, а яшчэ ўзбагачае беларускую культуру, рускую, а таксама культуру іншых краін, якія ўдзельнічаюць у фестывалі”.

 

На працягу двух дзён праслухоўваліся калектывы з усіх краін-удзельніц, а ў суботу 14 лютага ў Гродзенскім драматычным тэатры адбудзецца ўзнагароджванне пераможцаў і закрыццё фестывалю з гала-канцэртам.

 

Падрабязную праграму Міжнароднага фестывалю “Каложскі дабравест” можна паглядзець тут.

 


 

Галоўнымі мэтамі фестывалю “Каложскі дабравест” з’яўляюцца захаванне і працяг традыцый царкоўных спеваў, прыцягненне ўвагі маладога пакалення да багацця праваслаўнай культуры, памнажэнне ў людзях дабрыні, міласэрнасці і спачування.