У пошуках цмока: падарожжа для малых і дарослых.

|

Кажуць, што гэта хітрая і страшная пачвара, якая сядзіць на багацці і ахоўвае яго. А ці ўсе цмокі такія? Які наш – беларускі цмок?

 

Дык давайце ж нарэшце з ім пазнаёмімся!

 

 

Наш маршрут:

 

13.00 –  спектакль “Быў бы ў мяне дракон” ад настольнага тэатра “Кардонка”

 

Пастаноўка ў стылі дамашняга папяровага тэатра для дзяцей ад 4 да 9 год і вясёлых дарослых (паводле матываў казак Дональда Бісэта).

 

“Эх! Шкада, што ў мяне няма свайго ўласнага цмока!” – думала дзяўчынка Сьюзі. “Тады ніхто і ніколі не пакрыўдзіў бы мяне, а наадварот, усе захацелі б са мной сябраваць”. Мара пра свайго цмока так і засталася б марай, калі б не адна акалічнасць. Дрэва, пад якім стаяла Сьюзі, аказалася чароўным. Намаляваны ёй цмок ажыў… Так пачалася гісторыя пра неверагоднае сяброўства дзяўчынкі і цмока, пра добрую бабулю, пра шкоднага спадара Сміта, пра разбураны і наноў пабудаваны горад і мроі, якія часам здзяйсняюцца.

 

Дзеянне спектакля разгортваецца на стале, а гледачы знаходзяцца на адлегаласці выцягнутай рукі. Усе героі казкі разам з дэкарацыямі папросту змяшчаюцца ў звычайнай кардоннай скрыні.

 

Мастак: Антаніна Слабодчыкава

 

Граюць: Зоя Кенько, Святлана Бень, Арцём Залескі.

 

Кошт квітка: 40 000 руб.

 

14.00 –  салодкія пачастункі і падарункі

 

Гасцей чакаюць слодычы і гарбата (завараная з зёлак з агарода беларускага цмока!) і падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і галерэі “У майстра”

 

14.30 –  воркшоп па вырабе цацкі “Лятаючы цмок” ад дызайнера Алены Трафімавай

 

Напярэдані сваёй сустрэчы з гродзенскімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі Лятаючы цмок напісаў арганізатарам: “Я экалагічная тэкстурная забаўка, мяне можна дэкараваць і размаўлёўваць любымі спосабамі. Я кампактны і лёгкі, люблю лётаць, шмат падарожнічаю па свеце, штораз перажываючы новыя прыгоды з тысячамі дзяцей. Я нарадзіўся дзякуючы натхненню народнымі цацкамі і з’яўляюся прыкладам эка і этна дызайну”.

 

Воркшоп для дзяцей ад 4 год і крэатыўных дарослых. Папярэдні запіс: [email protected] альбо ў галерэі “У майстра”

 

Увага! На жаль, наш цмок яшчэ не разжыўся на вялікія апартаменты, каб прымаць шмат гасцей. Адначасова ў ягонай пячоры камфортна змяшчаецца толькі тры-чатыры дзясяткі гледачоў. Таму просім жадаючых прайсціся цмачыным маршрутам загадзя паклапаціцца пра набыццё квіткоў і запісам на воркшоп.

 

Глядзіце ролік “Краіна цмокаў. Малюем разам” па спасылцы