«Вікі Вясна»: Вікіпедыя абвяшчае конкурс артыкулаў

|

У конкурсе ўдзельнічаюць два беларускія раздзелы Вікіпедыі (класічным і афіцыйным  правапісамі).

 

Раздзел класічным правапісам на сёння прымае больш актыўны ўдзел.

 

Арганізацыя Фаланстэр, адзін з праектаў якой накіраваны на развіццё беларускай Вікіпедыі («Вікіфікацыя»), забяспечвае прыз самаму актыўнаму ўдзельніку.

 

Актывісты арганізацыі гатовы дапамагаць хуткай вікі-дапамогай усім жадаючым прыняць удзел: садзейнічаць па пытаннях працы з Вікіпедыяй і вікі-разметкай.  

 

Правілы ўдзелу ў конкурсе

 

  • Афіцыйныя даты правядзення конкурсу: 21 сакавіка — 31 траўня.
 
  • Для ўдзелу трэба дадаць сябе ў табліцу ўдзельнікаў конкурсу (у Вікіпедыі  класічным або афіцыйным правапісам).
 
  • Кожнай краіне рэгіёна прызначаецца тыдзень, на працягу якога рэдактары ўсіх моўных раздзелаў Вікіпедыі мусяць пісаць пра яе.
 
  • Тэмы артыкулаў можна абіраць любыя, датычна той ці іншай краіны, але кожны моўны раздзел прапаноўвае самыя актуальныя пра сваю краіну.
 
  • На працягу чэрвеня будуць падводзіцца вынікі, вызначацца пераможцы, лакальна ў кожным моўным раздзеле.
 
  • Міжнародныя каардынатары конкурсу вырашаюць даты і месца правядзення Вікі Лагера для самых актыўных удзельнікаў у канцы ліпеня.

 

Хто яшчэ сумняваецца ў сваіх сілах, смела звяртайцеся па дапамогу да вікіпедыстаў і чытайце парады для пачынаючых.

 

Каарэль Вайда (Эстонія) – каардынатар конкурсу Вікі вясна Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы 2015:

 

Мы вельмі няшмат ведаем пра суседнія краіны і таму здаемся такімі далёкімі адзін аднаму.

 

Падчас падрыхтоўкі конкурсу будзе стварацца шмат адкрытых ведаў пра вашы краіны. У выніку павялічыцца веданне і ўзаемаразуменне розных краін, для будучых  больш устойлівых камунікацыі і будучай супрацы ў нашым рэгіёне.

 

Галоўная матывацыя — гэта вывучэнне, пазнанне. Ёсць шмат спосабаў вучыцца, Вікіпедыя прапаноўвае напісанне і пераклад. Вікіпедыя — гэта адкрытая платформа, і любую створаную інфармацыю вы можаце свабодна выкарыстоўваць.

 

Што параіць пачаткоўцу? Перш за ўсё прачытаць агульны дапаможнік па прынцыпах Вікіпедыі. Трэба ведаць 5 слупоў Вікіпедыі. Па-другое, шукайце спасылкі на крыніцы інфармацыі, якую дадаеце.  Па-трэцяе, кантактуйце з іншымі вікіпедыстамі.

 

Раман Патапчук (Беларусь), удзельнік раздзелу клясычным правапісам:

 

Бывае, што перш чым наведацца кудысьці, сам шукаеш інфармацыю пра цікавыя мясьціны і шкадуеш, што вось гэтага ці іншага няма па-беларуску. А па вяртаньні дадому ўсё ж адчуваеш, што варта гэтым падзяліцца, асабліва калі гэта можна падмацаваць фоткамі.

 

Для пачаткоўцаў раю ня бегчы за колькасьцю, каб галоўнаю мэтай было не ахапіць усё, што можна, у кароткі пэрыяд, прысьвечаны краіне, а пісаць якасна, каб умоўным «правяральнікам» заставалася меней працы і болей вольнага часу 🙂

 

Вольга Сітнік (Беларусь), адміністратар раздзелу афіцыйнага правапісу:

 

У конкурсе будуць шырока прадстаўлены ўдзельнікі з іншых краін, і для Беларусі важна паказаць, што мы таксама ў Еўропе і агульныя тэндэнцыі нас тычацца і цікавяць.

 

Мае парады такія. Не баяцца папрасіць дапамогі ў супольнасці. Памятаць, што беларуская Вікіпедыя не толькі пра беларускае, але пра ўсё на беларускай мове.  Трымаць баланс колькасці і якасці, каб і болей артыкулаў ствараць, і да ладу даводзіць кожны.

 

Вера Маторка (Украіна):

 

Цэнтральна-Усходняя Еўропа — не чужыя людзі. Даведацца больш пра суседзяў у той час, калі яны будуць пісаць пра нас — гэта класна!

 

Пасля наведвання кінаклуба, дзе паказвалі цікавы для мяне фільм Ясмілы Жбаніч «Na putu», я стварыла пра яе артыкул, бо не знайшла яе біяграфію. Цяпер, калі кажу пра гэту рэжысёрку маім сябрам, я магу накіраваць іх на гэтую старонку.

 

Для пачаткоўцаў параю выбраць сабе тэму, тое што цікава чытаць сваёй мовай. Паглядзець, як выглядае добры артыкул, напісаць яго і ў падобным стылі аформіць. Папрасіць таго, хто ўжо рэдагаваў Вікіпедыю, прачытаць і штосьці выправіць. Звычайна атрымліваецца толькі разам напісаць добры артыкул.

 

Максім Лепушэнка (Беларусь), адміністратар раздзелу афіцыйнага правапісу:

 

Удзел у конкурсе — гэта пашырэнне магчымасцяў свабоднага доступу да ведаў, што на карысць усім, пагатоў мовам, якія як беларуская знаходзяцца ў не самым лепшым становішчы.

 

Для навічкоў параю доўга не думаць над афармленнем, назвай і г.д. перад тым як нешта напісаць. Усё гэта можна змяніць і выправіць пазней, галоўнае — змест. Пісаць, калі гэта не трывія, толькі на аснове крыніц, на якія ў напісаным і спаслацца, хоць бы гэта былі і газеты або інтэрнет-рэсурсы.

 

Вікіпедыя не месца для кантактаў, а энцыклапедыя, дзе і пабочных размоў тэарэтычна не мусіць быць.

 

Томаш Блядынец (Польша):

 

Вікіпедыяй карыстаюцца журналісты, палітыкі, якія рэальна ўплываюць на нашае жыццё. Калі ў іх будзе добрая інфармацыя, тады яны будуць рабіць лепшыя рашэнні.

 

Гэта таксама шанец для нас развівацца, ведаць больш. Для мяне галоўным матыватарам з’яўляецца пачуццё, што сваёй справай я мяняю свет у лепшы бок.

 

Трэба быць ветлівым і цярплівым. Зразумець, што ў Вікіпедыі ёсць свае правілы і іх варта выконваць. Іншыя ўдзельнікі могуць часам выдаліць або змяніць тое, што вы напісалі, але не таму што яны нядобрыя людзі, але таму што ваша праца не адпавядала крытэрам Вікіпедыі.

 

Размаўляйце, шукайце разумення і кампрамісу. Тады дасягнеце поспеху і разам створыце найбольш поўную і аб’ектыўную інфармацыю.

 

Па пытаннях пішыце на [email protected]