Адкрываем Падляшша: Крынкі і Пачопэк
“Твой стыль” працягвае цыкл публікацый, прысвечаных суседняй Беласточчыне, якую мы толькі на першы погляд ведаем добра.
Пасля Саколкі і Крышынян група журналістаў з Гарадзеншчыны, запрошаная на азнаямляльную паездку па Падляшскім ваяводстве накіроўваецца ў бок Крынак.

У гэтым мястэчку жыў і памеў славуты беларускі пісьменнік Сакрат Яновіч.

Згодна з запаветам пісьменніка, яго хата зараз стала сядзібай фонда Villa Socrates, якая надалей робіць вельмі шмат для захавання і развіцця беларускай культуры на Беласточчыне.

Дзякуючы працы фонда ў Крынках праходзяць мастацкія выставы, ладзяцца тэатральныя пастаноўкі, навуковыя і літаратурныя чытанні, канцэрты, выдаюцца кніжкі, праходзіць славуты фестываль беларускай музыкі “Басовішча”.
Пра тое, чым жыве зараз фонд, распавядае яго старшыня Павал Гжэсь (на здымку ніжэй злева).

align=”” width=”516″ height=”380″ >
Па яго словах, арганізацыя імкнецца захоўваць і пашыраць тое, што ўсё сваё жыццё імкнуўся рабіць Сакрат Яновіч – будаваць масты паміж рознымі нацыямі, культурамі, рэлігіямі на беларуска-польскім памежжы.
Развітаўшыся з Паўлам, накіроўваемся з Крынак у бок Беластоку.
Збочваем па ўказальніку на лясніцтва Крынкі і трапляем у Пачопэк.

Тут знаходзіцца гэтак званы Сільварыюм – своеасаблівы музей пад адкрытым небам, які штогод наведваюць некалькі дзесяткаў тысяч турыстаў.

– Тут, на 30 гектарах мы пастараліся паказаць усе адметнасці Кнышынскай пушчы, стварыць прастору для пазнавання прыроды, выхавання беражлівага стаўлення да яе – кажа наш праваднік Роберт Канавал (на здымку).

Экскурсія па Сільварыюму распачынаецца знаёмствам з сонечнымі гадзіннікамі.

На тэрыторыі парку іх некалькі.

Далей экалагічная сцежка ўздоўж клумбаў з лекавымі раслінамі вядзе да біялагічнай ачышчальні брудных сцёкаў.


Спыняемся каля “Птушынай хаткі”, у якой жывуць некалькі гатункаў соваў.
Аказваецца, далёка не ўсе з іх (а толькі тыя, у якіх вочы чорнага колеру), з’яўляюцца начнымі драпежнікамі.
Большасць найчасцей палюе ў ранішніх ці вечаровых прыцемках.
Легендай “Птушынай хаткі” з’яўляецца палярная сава Ванда.

Калісці рэдкая для гэтых краёў птушка патрапіла ў бяду недзе ў цэнтральнай Польшчы і была перададзеная ў Пачопэк на лекаванне і дагляд.
Новыя гаспадары не толькі падлячылі яе, але і хацелі ўладкаваць “сямейнае жыццё” птушкі.
За вялікія грошы ў птушыным гадавальніку ў Германіі быў куплены самец, якога прывезлі ў Пачопэк да Ванды.
Якім жа было разчараванне мясцовых ляснікоў, калі ранкам наступнага пасля першага “спаткання” дня яны ўбачылі задзюбанага і напалову з’едзенага Вандай кавалера!
Потым ветэрынар вылучыць версію, што кавалер быў слаба падрыхтаваны да выканання свайго прызначэння з-за таго, што ў гадавальніках самцам давалі сродкі, якія адмыслова змяншалі іх “мужчынскую” сілу…
Падманутая ў сваіх чаканнях Ванда не змагла дараваць “кавалеру” такой слабасці.
Тым часам Роберт вядзе нас далей.

Лаўка для закаханых…

і тых, хто яшчэ шукае сваю другую палову
Гонарам лясніцтва з’яўляецца Парк мегалітычных валуноў, выкладзеных у выглядзе кельцкага кола.

Непадалёк ад парка стаіць вялізная каменная жаба.

Ва ўсе бакі ад парку вядуць пешаходныя і роварныя сцежкі.
Яшчэ адной “разынкай” лясніцтва з’яўляецца Галерэя на ўскрайку пушчы.
Тут прадстаўленыя розныя гатункі птушак і жывёлаў, якія жывуць у Кнышынскай пушчы.

Адгадайце, што за гэта за звер такі жыве ў Кнышынскай пушчы?
З дапамогай інтэрактыўнага экрану можна паслухаць, як спяваюць лясныя птушкі.

Роберт распавядае, што зараз лясніцтва рэалізуе праекты, звязаныя з бортніцтвам (пчалярствам) і аховай цецярукоў, якія знікаюць у пушчы.
…Гуляць па маляўнічых сцяжынках з мосцікамі над ручаямі, аглядаць скульптуры з дрэва і камня, прыслухоўвацца да гукаў прыроды можна было б бясконца, але нас кліча ў шлях дарога.
Наступная кропка – Музэй вёскі пад Беластокам.
Ну а вам пакуль раім зрабіць інтэрактыўнае падарожжа па Сільварыюму ў Пачопку, націснуўшы на гэтую спасылку.
Фота аўтара
