“Нёман” пацярпеў буйное паражэнне ад салігорскага “Шахцёра”
Старт у “Нёмана” не атрымаўся. Салігорцам спатрэбілася ўсяго толькі 53 секунды, што б адкрыць лiк. Вызначыўся серб Човіч.
Як не дзіўна, але пасля гола “Шахцёр” не спыніўся і пайшоў далей наперад. Добры момант падвоіць перавагу сваёй каманды меў Юрэвіч, але мяч пасля ўдару паўабаронцы праляцеў міма.
На 29-й хвіліне пасля падачы вуглавога Сяргей Мацвейчык ўсё-ткі падвойвае перавагу “Шахцёра”.
Сяргей Саладоўнікаў вырашае памяняць моладзь: замест Забеліна і Ляшко выйшлі дасведчаныя Дзянісевіч і Кавалёнак.
А пасля перапынку ў дадатак да іх на полі з’явіўся яшчэ і Андрэй Горбач, які зямяніў абаронцу Анюкевiча.
Але гульня не змяніла свой характар – гаспадары як дамінавалі, так і засталіся дамінаваць.
На 72 хвіліне “Шахцёр” даводзіць лiк да разгромнага. Пасля вуглавога мяч трапіў Камароўскаму, які выкарыстаў свой шанец.
На 80-й хвіліне гарадзенцы мелі шанец скараціць адставанне, але Бомбель не змог забіць пенальці.
Да канца матчу лiк так і застаўся 3:0. “Нёману” не атрымалася пазбегнуць першага з 2012 года буйнога паражэння.
Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў пасля матчу адзначыў:
– «У футболе дробязяў не бывае. Не толькі маладых футбалістаў трэба вучыць рыхтавацца да матчаў. Выпалі тры гульцы, хуткі гол, затым рыкашэт, такая фора… А “Шахцёр” – сур’ёзная каманда і памылак не даруе.
Калі пабудавана стратэгія клуба, то яна павінна рэалізоўвацца і трэба ўмець трываць і рыхтавацца да матчаў.
Гэта нават важней, чым гуляць. Падрыхтоўка да наступнага матчу пачынаецца пасля заканчэння папярэдняй гульні, у нас у гэтым плане яшчэ не ўсе прафесійна падрыхтаваныя. Канцоўка першага тайма і другая палова былі зусім іншымі. Абнадзейлівымі. Ёсць аптымістычны настрой, ёсць над чым працаваць».
Пасля матчу з “Шахцёрам” гарадзенскі “Нёман” апускаецца на дно турнірнай табліцы з двума ачкамі ў актыве.
10 траўня. “Шахцёр”, Салігорск – “Нёман” 3:0
Фота: fcshahter.by