Дзівакі і фрыкі Гродна: Эва з Паповіча

У кожным горадзе ёсць свае дзівакі, паводзіны якіх вельмі нязвыклыя для большасці гараджан, а пасля асабліва яскравых выхадак, якія становяцца вядомымі ледзь не ўсяму гораду, праз хуткі час павінна паўстаць чарговая гарадская байка, якая вельмі хутка становіцца папулярнай, а з цягам часу легендарызуецца, асабліва пасля таго, як гараджане яшчэ, перадаючы адзін аднаму гэтую гісторыю, упрыгожаць аповед пра падзею больш яскравымі і каляровымі прыметнікамі.

 

Гродна таксама мае сваіх дзівакоў, якіх яшчэ прынята называць фрыкамі. Хто ж такі фрык? Звычайна гэта чалавек, які адрозніваецца ад іншых яскравым, незвычайным, экстравагантным знешнім выглядам і эпатажнымі паводзінамі, а таксама валодае неардынарным светапоглядам, які з’яўляецца вынікам адмовы ад сацыяльных стэрэатыпаў. Але нельга забываць, што ў большасці фрыкі гэта людзі псіхічна хворыя або залежныя ад алкаголю. Звычайныя гараджане не звяртаюць на гэтыя акалічнасці ўвагі і проста весяляцца з такіх людзей.

 

У канцы 90-х гадоў вялікая колькасць фрыкаў з’явілася ў раёне вуліц Савецкіх памежнікаў, Паповіча, Вольгі Соламавай, Фолюш. Самым знакамітым фрыкам гэтых вуліц быў малады мужчына, звалі якога Сяргеем, з мянушкай – Эва. Кажуць, што менавіта з-за заяччай губы, што перашкаджала яму гаварыць зразумела, дадзены персанаж і атрымаў такую мянушку.

 

Гісторыя яго жыцця дасканала нікому невядомая. Кажуць старэйшыя людзі, што ў маладосці Эва атрымаў траўму, іншыя кажуць, што нарадзіўся з адхіленнямі, але ўсе памятаюць, што калі дзесьці здалёк чутно незразумелы крык, або не зусім зразумелыя спевы “Все так же рыдает шарманка…”, значыць Эва недалёка.

 

Персанаж быў бяскрыўдны і вельмі добры, аднак быў ахвярай лёгкіх здзекаў з боку дзяцей, якія бегалі за ім і надакучвалі абразлівымі рэплікамі, на што Эва адказваў тым жа.

 

Вельмі часта Эву можна было ўбачыць у піўных каля гасцініцы “Гродна”, або пад крамай “Свіслач” (сёння “Еўраопт на перакрыжаванні вуліц Паповіча, Соламавай і Савецкіх памежнікаў. Эва вельмі любіў піва і розныя прысмакі накшталт чыпсаў або кальмараў, на што зарабляў, здаючы бутэлькі, або за танец ці песню для ўжо добра падпітых наведвальнікаў піўных. Сталымі “кліентамі” Эвы былі студэнты або школьнікі, якія за тысячу рублёў маглі з ім сфоткацца або запісаць на мабільны тэлефон выкананне танцу.

 

Часта Эва проста прасіў мінакоў купіць яму піва, або ў піўных пакінуць трошкі яму ў пластыкавым куфалі. Дзеці вельмі любілі пужаць Эву войскам, у якім ён страшна баяўся апынуцца, але даволі дзёрзка ў адказ дзецям Эва паказваў фігі.

 

Ці была сям’я ў Эвы дакладна невядома, але людзі казалі, што ёсць стары бацька, які жыў дзесьці на вуліцы Паповіча ў аднапакаёўцы. Некалькі разоў нават былі сітуацыі, калі Эву забіралі патрулі міліцыі, але праз некалькі дзён можна было здалёк зноў пачуць знаёмы голас і знаёмыя спевы.

 

На жаль, лёс гэтага бяскрыўднага чалавека склаўся трагічна. Ходзяць чуткі, што Эву атруцілі мясцовыя выпівохі, подліўшы ў куфаль піва ацытону, але прычына гэтага жудаснага выпадку невядомая. Здарылася гэта дзесьці ў 2009 годзе, што выклікала ў гараджан, якія штодзённа бачылі Эву, шок.