Былы гулец “Нёмана” Ігар Тарасаўс: Сакрэт поспеху ў простым парадку ва ўсім

|

У Польшчы завяршыўся чэмпіянат краіны ў наймацнейшай Экстралізе. Першае месца заняў познаньскі “Лех” (43 ачкі), другой фінішавала варшаўская “Легія” (42), а трэцяе месца заняла суседняя для нас “Ягелонія” (41) з Беластока, за якую выступае паўабаронца зборнай Латвіі і былы гулец “Нёмана” Ігар Тарасаўс.

 

Заключны матч сезона-2014/15 “Ягелонія” праводзіла дома супраць гданьскай “Лехіі”. Да 57-й хвіліны каманда Тарасаўса, які сыграў ад званка да званка, саступала ўжо 0:2 і магла далей прапусціць трэці мяч. Аднак у апошнюю чвэрць гадзіны гаспадарам поля ўдалося перавярнуць увесь ход сустрэчы. Футбалісты з Беластока не толькі зраўнялі лiк, але і абыгралі свайго суперніка з лікам 4:2.

 

“Твой стыль” пагутарыў з Ігарам Тарасаўсам і даведаўся, за кошт чаго камандзе з Беластока ўдалося так паспяхова правесці сезон.

 

– Я задаволены. Футбол у Беластоку на высокім узроўні. Тут прысутнічае усё, што трэба – атмасфера, эмоцыі, цікавасць людзей, тэлебачанне, прэсса, а зараз яшчэ і еўракубкі. Стадыён у нас новы, і ён заўсёды поўны.

 

– Чаму трэба гарадзенцам павучыцца ў сваіх суседзяў?


– У плане працы кіраўнікоў і маркетынгу трэба вучыцца ўсяму. Не ў крыўду, але тут усё прадумана да дробязяў, і кожны чалавек адказвае за сваю працу галавой. З гэтых дробязяў складаецца поспех, з простага парадку ва ўсім. Пачынаючы ад кіроўцы аўтобуса і заканчваючы прэзідэнтам, усе робяць сваю працу на 1000%, каб быў фінансавы парадак. Не можа быць так, каб легіянер прыехаў, а яму заўзятары на ежу скідваліся, не кажучы ўжо пра жыллё. Гэта ж абсурд. Сакрэт поспеху ў простым парадку, кожны павінен рабіць сваю працу. Прэзідэнт ўтрымлівае каманду, трэнер трэніруе, а кіроўца аўтобуса возіць гульцоў на гульню. І так усе робяць, хто працуе ў клубе. Прытрымліваючыся гэтых простых правілаў можна сапраўды прыйсці да поспеху.

 

– Як ты думаеш, чаму  Савіцкаму не ўдалося затрымацца ў “Ягелонii?


– У яго ўсё ёсць каб гуляць у любой польскай камандзе. Але тут не мая справа абмяркоўваць яго кар’еру. Я думаю, усе разумеюць ці нават ведаюць з чым гэта звязана.

 

Фота Piłkarze Jagiellonii Białystok