Гісторыя забытага гарадзенскага маста

У рэдакцыю “Твайго стыля” звярнуўся чытач, які распавёў пра мост, пабудаваны ў  40-х гадах XX стагоддзя на вуліцы Працоўнай (Рабочей). У мінулым годзе стары мост развалілі. Відавочцы распавядаюць, што мост верагодна быў пабудаваны з надмагільных габрэйскіх пліт, а нехта наадварот сцвярджае, што мост пабудавалі беларускія майстры з абчасаных каменняў. Як бы там ні было, “Твой стыль” пачаў шукаць адказы.

Спусціўшыся да маста, які знаходзіўся ў нізіне пад сінагогай, мы сапраўды заўважылі старую пабудову. І першае, на што звярнулі ўвагу, гэта на роўныя пліты, з якіх быў пабудаваны мост. Адназначна пліты былі падобныя на габрэйскія, вось толькі аблазіўшы мост уздоўж і папярок мы не знайшлі запісаў на каменнях.

 

Праз некаторы час да нас падышла мясцовая жыхарка Галіна Андрэеўна, уласна тая жанчына, якая і распавяла нам пра праблему старога маста.

 

– Мост разбілі па просьбе мясцовых жыхароў. Усе выдатна ведалі што ён стары, але вось толькі ён ужо не выконваў сваю функцыю, ды і з-за маста пастаянна затаплівала нашыя агароды. У выніку яго разбілі і абяцаюць цяпер пабудаваць новы. Пагаворваюць, што мост будавалі падчас вайны, але я дакладна не ведаю. Пытайцеся ў старажылаў. Ледзь вышэй па вуліцы жыве Генрых Браніслававіч, ён тут з 1934 года, напэўна нешта ведае.

Дзед Гена вось ужо каля 80 гадоў жыве на вуліцы Працоўнай. Яго дом знаходзіцца на гары насупраць сінагогі. Са слоў старажыла, ён памятае многае, і як габрэяў гналі, і як мост будавалі падчас вайны.

 

– Мост пабудавалі прыблізна ў 1942 годзе. Напэўна, будавалі габрэі, таму што ў той час іх ганялі на ўсе працы. Я ўжо не памятаю дакладна хто будаваў, але памятаю, што каменні прывозілі адразу абчасаныя. У немцаў быў парадак найпоўны: уладкавалі тэрыторыю ўздоўж рэчкі і дазволілі нам купацца.

Далей дзед Гена параіў падысці да суседа Фёдаравіча, які таксама памятае вайну і будаўніцтва маста.

 

Яўген Фёдаравіч, якому падчас вайны было 8 гадоў, з радасцю распавёў пра мост і паказаў кляймо, якое зрабілі пры будаўніцтве канструкцыі.

 

– Мост пабудаваны падчас нямецкай акупацыі ў 1943 годзе. Будавалі яго беларускія рабочыя, бо на той момант габрэяў ўжо не было ў горадзе. На масце ёсць кляймо, але яно ўжо заціраецца, можна заўважыць толькі тройку. Пліты былі прывезены новыя і абчасывалiсь нашымі работнікамі.


Дзякуючы Яўгену Фёдаравічу нам удалося даведацца дакладную пабудову маста, а таксама мы даведаліся, што мост будавалі беларусы, якіх прымусова гналі працаваць.

Амаль 70 гадоў прастаяў загадкавы і дзіўны мост, але сёння ён страціў сваю функцыю і быў разбураны цяперашнім пакаленнем.