12 гадоў без Васіля Быкава
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну. Прайшоў усю Вялікую айчынную вайну, уражанні ад якой сталі асноўнай тэмай яго творчасці.
Аўтар аповесцяў “Знак бяды”, “Дажыць да світання”, “Трэцяя ракета” і шмат якіх іншых. Васіль Быкаў быў лаўрэатам шэрагу прэмій у савецкія часы. Пасля быў прэзідэнтам беларускага ПЭН-цэнтру.
Варта нагадаць, што ягонае жыццё і творы звязаны з Гродна. Васіль Быкаў жыў тут 25 гадоў. Як раз у “гродзенскі перыяд” былі напісаны і апублікаваныя шматлікія кнігі, напрыклад “Мёртвым не баліць”, “Жураўліны крык”, “Альпійская балада”, “Праклятая вышыня”, “Круглянскі мост” ці “Сотнікаў”.
У сярэдзіны 1990-х гадоў пісьменнік пакінуў Беларусь праз нападкі з боку ўладаў. Жыў у Чэхіі, Нямеччыне і Фінляндыі.
У 2002 годзе вярнуўся ў Беларусь. Памёр 22 чэрвеня 2003 году ў Бараўлянах пад Мінскам.
На жаль, па сённяшні дзень мы не дачакаліся ні помніка ці хаця б шыльды ў гонар гэтага вялікага беларуса, які быў звязаны з нашым горадам.
Да Дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў бібліятэцы сайта lit-bel.org з’явіліся дзесяць тамоў поўнага збору твораў пісьменніка ў фармаце ePub.