Расейскае Гістарычнае Таварыства ў Гродне – экспансія “Рускага свету”?

|

Ідэя стварэння аддзялення Расейскага Гістарычнага Таварыства (РГТ) на базе ГрДзУ імя Янкі Купалы прагучала падчас сустрэчы спікера дзярждумы Сяргея Нарышкіна з гісторыкамі. Тэматычны круглы стол адбываўся ў галоўным корпусе ўніверсітэта па вул. Ажэшкі.

 

Ініцыятарам стварэння аддзялення таварыства выступіў дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма Аляксандр Нечухрын. Спікер дзярждумы Сяргей Нарышкін, які адначасова з’яўляецца кіраўніком РГТ, выказаў упэўненасць, што праблем з адкрыццём аддзялення не будзе і варта вырашыць толькі юрыдычныя нюансы.

 

Меркаванні гарадзенскіх гісторыкаў на гэтую тэму разышліся. Прарасейскае крыло, прадстаўнікі якога прысутнічалі на круглым стале, у тым ліку Валер Чарапіца і Эдмунд Ярмусік, ідэю падтрымалі. Нацыянальнаарыентаваныя ж навукоўцы глядзяць на ініцыятыву крытычна.

“З’яўленне ў Гродне Расейскага Гістарычнага Таварыства – гэта праява экспансіі “Рускага свету”, – лічыць гісторык Алесь Краўцэвіч, – Пачнем з таго, што сам Нечухрын – мігрант, які прыехаў з Сібіры 30 год таму. Ён піша гіторыю Расеі з пазіцыяў Расеі за беларускія грошы. Гэта пустая і непатрэбная праца: з тым жа поспехам мы маглі б набыць расейскія падручнікі і сэканоміць бюджэтныя сродкі.”

Гісторык таксама падкрэсліў, што стварэнне рознага роду расейскіх таварыстваў у Беларусі зараз фактычна раўназначна стварэнню расейскіх вайсковых базаў і казацкіх арганізацыяў.

 

“Ён не разумее сітуацыю сённешняга дня, – працягвае Краўцэвіч, – у святле ўкраінскіх падзеяў усе актывісты “Рускага свету” у Беларусі зараз знаходзяцца пад каўпаком КДБ. Таму, карыстаючыся момантам, хацелася б перадаць Аляксандру Мікалаевічу прывітанне. Па яго абавязкова прыйдуць!”

Нагадаем, што РГТ  – пераемніца Імператарскага Расейскага Гістарычнага Таварыства, якое ўзнікла яшчэ ў 1866 годзе. Пасля 1917 года сваю дзейнасць таварыства працягвала ў эміграцыі, а на радзіме канчаткова адрадзілася ў 2012 годзе пад шыльдай РГТ. Сваю мэту РГТ абазначае так: “развитие национального исторического просвещения”. Сімвалічна, што адным з сузаснавальнікаў таварыства стаў фонд з назвай “Русский мир”.

 

Фота Вольгі Мілавай