Фотафакт: У час рэканструкцыі знеслі частку сцяны Брыгіцкага манастыра ў Гродне

|

“Твой Стыль” вырашыў спраўдзіць інфармацыю і выехаў на месца падзеяў. Сапраўды, каля 20-25 метраў абарончай сцяны Брыгіцкага манастыра з боку аўтобуснага прыпынку “Дом Сувязі” знішчана будаўнікамі. Абарончы комплеск, то бок вежачкі разам са сценамі па перыметры комплекса, гісторыкі датуюць сярэдзінай XVII ст. – як і храмавы будынак.

 

Свой погляд на падзею выказаў гісторык архітэктуры і грамадскі актывіст Ігар Лапеха:

 

“Трэба ўлічваць, што абарончая сцяна ў гэтым месцы была перароблена ў сцяну будынка і прабіта вокнамі. Магчыма, перакрыцці былі ўжо не трывалымі, аварыйнымі і захаваць іх ужо не было мажлівасці… Будзем спадзявацца, што гэта неабходная мера і на гэтым месцы наўпрост адновяць мур станам на XVII ст.”

 

Са словаў архітэктара інстытута “Гроднаграмадзянпраект” Алега Шымбарэцкага, вынікі зандажоў тынкоўкі сцяны падчас выканання праекта рэканструкцыі выявілі значныя перакладкі і закладкі капрэмонту 1952 года.

 

“Пры гэтым кавалкі арыгінальнай кладкі 1640-х гадоў маглі прысутнічаць месцамі да ўзроўню падваконніка, – лічыць архітэктар, – Для больш дакладнага вызначэння гэтых участкаў патрэбна поўнае раскрыццё сценавой кладкі і фундамента з вызначэннем іх тэхнічнага стану. Хоць я дапускаю іх крытычны стан па досведзе працы з гэтым манастыром”.

 

Рэканструкцыя Брыгіцкага кляштару трывае ўжо не першы год і з-большага ацэньваецца мясцовымі гісторыкамі станоўча: архітэктары спрабуюць надаць будынкам аўтэнтычны выгляд, без шкло-пакетаў, але з сапраўднай керамічнай дахоўкай.

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар побач з ім – помнікі архітэктуры ранняга барока. За савецкім часам тут быў псіханеўралагічны дыспансэр, а ў 1990-я комплекс зноўку перададзены вернікам.

 

Фота Вольгі Мілавай