Выбары 2015: заканчваецца запіс людзей у ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў
Таццяна Караткевiч
Таццяна Караткевіч можа стаць першай жанчынай-кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі. На гэтых выбарах яна будзе прадстаўляць ініцыятыву “Народны Рэферэндум”, якую праводзяць кампанія “Гавары праўду”, партыя БНФ, БСДП (Г), Рух “За свабоду”, і якую, па заявам кааліцыі, ужо падтрымалі больш за 120 000 грамадзян Беларусі.
Таццяна Караткевіч: 38 гадоў, мінчанка, замужам, сыну 11 гадоў. Па адукацыі – псіхолаг. У 2012 годзе скончыла магістратуру БДУ, абараніла дысертацыю па тэме развіцця сацыяльнай абароны людзей сталага веку і рэалізацыі асабістага патэнцыялу.
Кіравала аддзяленнем адаптацыі і рэабілітацыі ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва Ленінскага раёна Мінска. У цяперашні час – дырэктар сацыяльнай установы “Сямейная пляцоўка”, якая дапамагае людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Была даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева (2010 год), балатавалася ў Палату прадстаўнікоў у г. Мінску (2012 год). Сябра БСДП (Грамада). Апошнія пяць гадоў актыўна працуе ў грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.
Кантакты для запісу ў ініцыятыўную групу:
+375 29 585 2 585
[email protected]
http://zapraudu.info/karatkevich-initiative-group/
Таццяна Караткевіч яшчэ да старту прэзідэнцкай кампаніі пачала актыўна ездзіць па рэгіёнам. Наведала патэнцыйны кандыдат і Гродна, дзе сустрэлася з гарадзенцамі і адказала на пытанні падчас он-лайн канферэнцыі.
Таццяна Караткевіч: “Гродна павінен быць гістарычнай Мекай для ўсiх беларусаў”
Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька – лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Нарадзіўся 27 чэрвеня 1961 года ў вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Працаваў механізатарам у калгасе ім. Суворава Стаўбцоўскага раёна (1979-1980). Скончыў факультэт гісторыі і французскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ім. М. Горкага ў 1985 годзе, спецыяльнасць – выкладчык гісторыі. Служыў у Савецкай арміі з 1985 па 1987 гады. Быў намеснікам дырэктара Ашмянскай школы-інтэрната Гарадзенскай вобласці. Таксама быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га i 13-га склікання. Жанаты, мае сына.
У прафесійнай камандзе Лябедзька – доктар эканамічных навук, прафесар Станіслаў Багданкевіч, прэм’ер-міністр Беларусі 1994-96 гг. Міхаіл Чыгір, эканаміст Леў Марголін. Анатоля Лябедзьку падтрымліваюць народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі, народныя дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР і Беларусі Віктар Карняенка, Аляксандар Дабравольскі, Марат Афанасьеў. “Таксама ў нашай камандзе людзі ўсіх узростаў і заняткаў: лекары, настаўнікі, студэнты, прадпрымальнікі, рабочыя – усе, хто хоча нармальна працаваць і годна зарабляць у сваёй краіне”, – кажуць прадстаўнікі палітыка.
Тэлефон каардынатара ініцыятыўнай групы ў Гродне: +375 29 5893523
Мікалай Статкевіч
“Мы заклікаем грамадзян Беларусі выкарыстаць тыя некалькі дзён, якія засталіся да заканчэння фармавання ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, каб далучыцца! Запісывайцеся ў ініцыятыўную групу па вылучэнні Мікалая Статкевіча праз штаб Руху Салідарнасці “Разам”! – заклікаюць актывісты ініцыятывы.
Рух Салідарнасці “Разам” з’яўляецца адным з сямі беларускіх суб’ектаў, якія аб’ядналіся дзеля вылучэння Мікалая Статкевіча на пасаду прэзідэнта. Акрамя Руху, у гэтую кааліцыю ўваходзяць: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), АГП, БХД, Партыя свабоды і прагрэсу, Рух за дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі, “Малады фронт” і прафсаюз РЭП. Штаб Руху Салідарнасці “Разам” ачольвае Мікалай Аўтуховіч, а каардынатарам агульнай ніцыятыўнай групы з’яўляецца жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.
Кантакты, па якім можна запісацца ў ініцыятыўную группу Мікалая Статкевіча:
+375 29 653 79 85
[email protected]
www.facebook.com/viachaslau.siuchyk
Юрый Шульган
Юрый Шульган нарадзіўся 6 лютага 1977 г. у вёсцы Машковiчi Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіў у Брэсцкі дзяржаўны універсітэт ім. А.С.Пушкіна на спецыяльнасць “Гісторыя і гісторыя сучаснай культуры”, але быў адлічаны, як ён сам заяўляе, “за грамадскую дзейнасць і палітычную нядобранадзейнасць”. З 2002 года Шульган, па яго словах, жыве ў Мінску “ў шматлікіх сяброў з прадстаўнікоў сталічнай багемы”.
Балатавацца ў прэзідэнты Шульган вырашыў пасля выхаду дэкрэта прэзідэнта № 3 ад 2 красавіка 2015 года “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. 25 красавіка яго вылучэнне падтрымала Беларуская партыя “Зялёныя”.
Перадвыбарчы штаб Шульгана ўзначаліў Павел Канавальчык.
Кантакты: [email protected].
Загалоўнае фота: ximik.info