Акупацыя Гродна: успаміны ад сведкі часу

Нарадзіўся Яўген Фёдаравіч ў Гродне, у 1935 годзе. Дом, у падвальным памяшканні каторага месцілася іх сям’я, знаходзіўся на вуліцы Дамініканскай. Некалькі гадоў пражылі яны там, трываючы цяжкія ўмовы, ашчаджаючы грошы на лепшае жытло. Калі сям’я Пiкаловiчаў назбірала патрэбную суму, яны купілі ў мясцовай жыдоўкі пляц па вуліцы Юрыдыкi (зараз Рабочая) за 800 злотых. За кароткі час сям’я пабудавала драўляны домік і завяла гаспадарку.

   – Вучацца ў школах было праблематычна, мала хто больш чым да 4 класаў дацягваў. Беларуская гаворка была забароненая. Але дома на роднай размаўлялі. Бацька распавядаў, што на працу прымалі адных палякаў, але кіраўніцтва горада ўмешвалася, настойвала, каб бралі не толькі іх. А так у горадзе было заўсёды ціха: палякі займаліся сваімі справамі, габрэі сваімі. Але памятаю, як мама распавядала пра сур’ёзныя сутычкі ў 1930-ых: тады білі габрэяў з-за забойства мясцовага паляка. Калі ішлі палякі з могілак, то ўсе габрэйскія крамы грамілі, рамізнікі паспявалі толькі параненых вывозіць, – распавядае Яўген Фёдаравіч.


1939 год


Пры савецкай уладзе, усім непісьменным гараджанам адразу давалі буквары. Менавіта ў тым годзе маленькі Яўген і ўбачыў упершыню тую кніжку, што выдалі  бацьку сямейства.

 

– Гараджане сустрэлі Чырвоную армію ў асноўным добра. Не буду адмаўляць, што і  сутычкі былі: некалькі адмыслова навучаных дзяцей кідалі бутэлькі з гаручай сумессю ў танкі. Літаральна два гады таму аднаго з тых колішніх хлапчукоў сустрэў ў Гродне. Ён распавядаў горда, як кідаў у танкі бутэлькі. У той момант, калі ён гэта казаў, захацелася ледзь не  з моста яго скінуць. Ён хваліўся, тым, што людзей спальваў…


Пры паляках хтосьцi валадарыў, хтосьцi ў галечы сядзеў. Саветы ў 1939 далі майму бацьку працу. З тых заробкаў ён мне нават купіў гармонік.


1941 год

 

Раніцай 22 чэрвеня 1941 года пабудзіў малога Яўгена і яго брата раптоўны шум – усё навокал грукатала.

 

– Днём бацька прыйшоў з працы раней, чым звычайна. Памятаю яго словы, нібы зараз: “У той час як ляцелі самалёты, я ішоў каля моста, а там ля ракі – танцы, музыка, усе гуляюць. Ўпаў снарад і нікога”. 
Баёў, як такіх, у першыя дні не было, усе толькі беглі. Памятаю, мост быў у прабоінах, на яго клалі дошкі, каб перайсці. На трэці дзень вайны ў горадзе пачалі паяўляцца немцы.


 
Памятаю першага ўбачанага салдата – ён быў з ланцугом на грудзях, хадзіў па нашай вуліцы і збіраў мужыкоў для расчысткі горада. Сагналі ўсіх. Хто не падпарадкоўваўся ці дрэнна працаваў, мог і дубінкай па спіне атрымаць.



Яўген Фёдаравіч успамінае, што пасля бамбёжкі ў горадзе пачалося бязладдзе: крамы грабiлі, усё выносілі. Але на трэці дзень, калі ўжо прыйшлі немцы, то як такое бачылі, марадзераў растрэльвалі на месцы.  

 

– Памятаю, бацьку злавілі з-за таго што ён нёс аднекуль гуркі. Пагналі ў камендатуру, разам з ім яшчэ двух габрэяў схапілі. Габрэяў расстралялі адразу ж, бацьку апраўдалі.

 

 
Праз многа гадоў Яўген Фёдаравіч памятае і паліцая – таго, што назіраў за іх вуліцай. Звалі яго Тадзiк- паляк.

Гета


– Пад восень 1941 года, як стала халадаць,  ўсіх габрэяў пачалі зганяць у спецыяльныя гета. На аднаго габрэя там адводзіўся адзін квадратны метр плошчы. Спачатку выпускалі  адтуль час ад часу, яны хадзілі па горадзе. Але пасля ўсё змянілася. Гета зачынілі, вакол з’явіліся слупы з нацягнутым калючым дротам.



Па нашай вуліцы кожную гадзіну праходзіў вартавы. А на гары стаяў станковый кулямёт, накіраваны на гета. Ніхто адтуль не ўцякаў. Але шчыра скажу, я б знайшоў шчыліну выбрацца, нават міма кулямётаў. Габрэі баяліся.


Яўген Фёдаравіч памятае, што вывозілі вязняў ноччу і некаторым габрэям ўдавалася ўцячы.

 

– Мясцовыя людзі дапамагалі габрэям, але калі немцы пра тое дазнаваліся, то ўсё – канец праходзіў усім. Да нас шукаць габрэяў не прыходзілі, бо мы жылі пад самым гета – вартавы ў двух метрах хадзіў.



За ўвесь час акупацыі адзін раз зайшоў пагрэцца немец – звычайны салдат. Сеў каля акна і пазіраў. Маці прапанавала бліноў, але ён адмовіўся. На наступны дзень яшчэ і сам нам хлеба прынёс.

Калі яшчэ не было аховы, я заходзіў у гета. Быў у пакоі, дзе жыў Кантаровiч (былы сусед). Пагутарылі і я сышоў. Больш яго не бачыў ніколі. Калі ўсіх габрэяў вывезлі, моладзь стала бегаць у гета, збіраць пакінутыя рэчы. Аднаго разу, калі хлопцы вярталіся адтуль, сустрэлі каменданта. Яны хутка пасаскоквалі ў яр, а немец пачаў страляць. Куля патрапіла ў жанчыну, каторая выпадкова ішла міма. Суседкі стараліся ёй дапамагчы, лекавалі як маглі, але ў той хутка пачалася гангрэна, яна памерла. Так яе і пахавалі з нямецкай куляй на польскіх могілках.


Пазней  немцы ўжо не забаранялі мясцовым хадзіць на тэрыторыю былога гета. Прызначылі толькі “плату за выхад” – той, хто штосці выносіў, мусіў заплаціць 2 маркі.


З усіх суседзяў-габрэяў, што вывезлі з  маёй вуліцы, вярнуўся толькі адзін. Прыехаў недзе ў 1960-ых гадах. Але дом яго знеслі, ён паглядзеў толькі і з’ехаў назусім.


Пад час акупацыі ў горадзе не працавала ні адна школа. У 1942 году сабралі нас i настаўнікаў на вуліцы Валковіча. Пасядзелі, пагутарылі, але на тымі размовамі спробы пачаць навучанне іскончыліся.

 

Немцы не мелі мэты адукоўваць людзей. Насельніцтва толькі для абслугоўвання патрэбна было. Беларус павінен быў ведаць табліцу множання, і ўмець распісацца. Навошта больш ведаў простаму рабу…

 

Вызваленне і далейшае жыццё



– Чырвоную армію мы сустрэлі як родных. Усе радаваліся. Пасля вызвалення дзяцей усіх узялі пад улік, перапісалі, школы ізноўку паадкрывалі, мы пайшлі вучыцца. Хадзілі ў чым было. Пасля вайны бацька ў пякарні працаваў, а маці ў сталовай поварам. А я ў школу хадзіў. Па сканчэнню  – пайшоў у тэхнікум фізкультуры. Пасля – у войска, у Германіі служыў. Потым пайшоў працаваць на завод аўтамабільных агрэгатаў, 41 год  аддаў гэтай працы.



Зараз Яўген Фёдаравіч на пенсіі, займаецца гаспадарскімі справамі, вайну ўспамінае не часта. Але жыццё ля былога гета i сінагогі часам прымушае ўспамінаць дзяцінства.