Гарадзенскі тэатр лялек рыхтуе прэм’еру: чакаем “Візіт старой дамы”

|

Зразумела, што Аляксей мае вялікую нагрузку як галоўны рэжысёр, а таксама многа ставіць за мяжой  – у Расіі, Польшчы, Балгарыі. Таму яго згода на працу ў Гродне ўжо была поспехам. Некалькі месяцаў гарадзенскія акторы Аляксандр Шэлкапласаў, Васіль Прабадзяк, Ларыса Мікуліч, Таццяна Еўтух, Аляксандр Баброўскі,  Юрый Буракоў, Іван Дабрук, Юрый Менько, Віталь Леонаў, Аляксандр Рацько, Валерый Карышаў і Аляксандр Енждееўскі   рэпетыравалі пад яго кіраўніцтвам, рыхтуючы новы спектакль.

 

 

Мастак спектакля, Аляксандр Вахрамееў  таксама працуе ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. З шэрагу тэатральных мастакоў яго вылучае своеасаблівая “дзіцячая” манера пісьма, што робіць яго працы прывабнымі і пазнавальнымі. Персанальныя выставы Аляксандра праходзілі больш чым у 10 краінах свету.

 

 

Цікавосткай будучага спектакля будзе мінімальнае выкарыстанне лялек – уласна, лялька там толькі адна – галоўная гераіня, тая самая Дама, на візіт якой чакае горад. Астатнія героі будуць мець маскі.

 

Сюжэт   спектакля “Візіт старой дамы” па трагікамедыі швейцарскага драматурга Фрыдрыха Дюррэнматта разгортваецца  ў невялічкім гарадку, жыхары якога дайшлі да мяжы разарэння: усё навокал перазапазычана і пазакладзена. Надзеяй на цудоўнае выратаванне з’яўляецца навіна пра тое, што ў горад едзе колішняя яго жыхарка, а зараз мульціміліярдэрша, Клара Цаханас’ян. Аднак для самой Клары гэты візіт – толькі магчымасць адпомсціць былому каханаму за ўсе крыўды…

 

Яна не мае на мэце бескарыслівую дапамогу. Прапанаваны гараджанам мільярд можа быць платай за … забойства.

 

Сюжэт напэўна пазналі (прынамсі старэйшыя) аматары кіно: У свой час фільм рэжысёра Міхаіла Казакова па гэтай п’есе быў даволі вядомым.

 

 

Аднак Аляксей Леляўскі сцвярджае, што ў адрозненні ад усіх былых пастановак і экранізацый гэта праца можа быць названа ўнікальнай. Яна  не толькі (і не столькі) дэманструе паслядоўнасць дзеянняў п’есы, ці праўдзіва аднаўляе гістарычныя асаблівасці часу, колькі спрабуе разабрацца з адчуваннямі герояў, паказаць іх ўнутраны свет, іх спосабы адказаў на сэнсажыццёвыя пытанні.

 

Наколькі ўдалай аказалася гэта спроба, гледачы могуць ацаніць, наведаўшы прэм’еру.