“Мужыкі, бітва ж адбылася”: гарадзенцы распавядаюць, што гэта за дзень – 15 ліпеня

|

Школьнікі Маргарыта і Антон адразу ж адказалі, што сёння 605 гадоў з Дня бітвы пад Грунвальдам.

– Вядома, мы ведаем. У гэты дзень прайшла Вялікая бітва, якая змяніла ход гісторыі. Аб’яднанае войска Польшчы і ВКЛ білі пад Грунвальдам Тэўтонскі ордэн. Безумоўна, гэту падзею павінны ведаць і шанаваць у нашай сучаснай дзяржаве.

 

А вось прадаўшчыца марозiва Анастасія, якая скончыла школу ў гэтым годзе, на пытанне толкам не адказала.

 

-Я не ведаю, што за падзея адбылася ў тым годзе. Можа, нарадзіўся хтосьцi або штоcьцi пабудавалі.

 

Калі ёй падказалі правільны адказ, дзяўчына нават і не ведала, што была такая бітва…


Алена і Каця першапачаткова не маглі ўспомніць, з чым звязаная гэтая дата.

– Была Літва і Польшча, а яны вялі часта войны з Масквой. Але і з Захаду нападалі. Магчыма, і немцы – крыжакі. Так-так, была ж Грунвальдская бітва ў 1410 годзе. Мы іх тады білi і яны нам доўгі час плацілі падаткі.

 

Пастар Лютэранскай кірхі Уладзімір, які гуляў па парку, адказаў, што адбылося ў гэты дзень у пачатку XV стагоддзя.

– Вядома ж, Грунвальдская бітва. А сёння 605 з дня перамогі войска Ягайлы і Вітаўта. Падзея значная, як і любая гістарычная. Як усё адбылося, так яно і павінна было быць. Калі зыход бітвы быў бы іншы, магчыма, нешта б у нас памянялася. А так усё што робіцца, усё робіцца да лепшага. Безумоўна, мы павінны адзначаць такія падзеі.


Электрык Віктар не ведаў пра 1410 год. Яму стала сорамна і ён паабяцаў, што будзе працаваць над сабой. 

 

Побач стаяў хлопец Дзяніс, які таксама не мог успомніць, што адбылося ў гэты дзень.

І ўжо калі яму сказалі пра Грунвальд, ён нават і не ведаў пра такую ​​бітву. Але тое, што ў тыя гады жылі на нашай зямлі літоўцы і палякі, ён выдатна ведаў.

 

Пенсіянерка Таісія сказала, што, напэўна адбылося нешта боскае ў тыя гады. Можа, у чымсьці яна и права – у 1410 годзе Бог быў на нашым баку.

 

А вось дарожны працоўны Анатоль без праблем адказаў на пытанне і яшчэ каля 10 хвілін распавядаў сваім калегам пра Вялікую бітву.

– Грунвальд вам ні пра што не кажа? Мужыкі, бітва ж адбылася. Бітва славянскіх народаў. І смаленскі полк там быў, і чэхі. Калі не памыляюся, у бітве прымала ўдзел i наша гарадзенская харугва. Ды і татары былі тады на нашым баку. Вітаўт тады ім дапамагаў, даў зямлі на тэрыторыі ВКЛ. Вось і яны нам дапамаглі біць крыжакоў.

 

Яшчэ каля дзясятка пенсіянераў і маладых людзей нам удалося апытаць, але практычна ўсе не ведалі пра гістарычную падзею. Але ўсе як адзін абяцалі, што прыйдуць дадому і абавязкова пачытаюць пра гэтую бітву.

 

Нагадаем, 15 ліпеня 1410 года аб’яднаныя сілы Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага, у складзе якога тады знаходзіліся беларускія землі, пры ўдзеле татарскіх і чэска-мараўскіх палкоў бліскуча перамаглі крыжакоў Тэўтонскага ордэна. Знакамітая Грунвальдская бітва адыграла велізарную ролю ў гісторыі народаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.