Ноч пасярод дня: як назіралі зацменне ў Гродне паўстагоддзя таму

|

Назіраць загадкавую з’яву, калі дыск сонца цалкам быў схаваны Месяцам, а на вуліцы раптам стала цёмна, як ноччу, маглі многія жыхары паўночнага паўшар’я Зямлі.

 

Шлях месяцовай цені пачаўся раніцай у амерыканскім штаце Небраска і з хуткасцю каля 1,2 км/с пляма дыяметрам каля 250 км рушыла на ўсход. Прайшоўшы паўвостраў Ньюфаўндленд ў Канадзе, цень перасекла Атлантычны акіян, захапіўшы ледзь-ледзь поўдзень Грэнландыі і Ісландыі, а таксама ўсе Фарэрскія выспы. Калі ў Еўропе быў самы разгар дня, цень дасягнула ўзбярэжжа Нарвегіі каля горада Берген, дзе назіраўся максімум зацмення. Не засталіся ў баку і жыхары шведскага Гётэборга. Пасля таго, як цень перасекла Балтыйскае мора, цемра наступіла ў Клайпедзе, Каўнасе і Алітусе, а таксама ў польскіх Сувалках.

 

Гэта быў час, які яшчэ памятаюць сённяшнія пажылыя людзі. Гродна ўжо быў цалкам адноўлены пасля вайны: у горадзе з’явіліся першыя жылыя раёны ў сталінскім стылі, былі пабудаваны палац тэкстыльшчыкаў і кінатэатр імя Пушкіна. А на Савецкай плошчы яшчэ ўзвышалася Фара Вітаўта.

 

У 14:47 сонца паступова пачало закрывацца. Праз гадзіну, калі месяц зацміў 95% сонечнага дыска, на вуліцах нашага горада наступіў паўзмрок, прыкладна такі ж, як адразу пасля заходу сонца. Акрамя незвычайнага стану неба, на зямлі таксама можна было заўважыць шмат дзівацтваў: напрыклад, па-іншаму сталі сябе паводзіць спалоханыя жывёлы, а цені ад дрэў выдавалі эфект камеры-абскуры.

 

Самы таямнічы момант наступіў у 16:01. Сонца цалкам схавалася за месяцам, а вакол яго можна было бачыць карону. На небе з’явіліся зоркі, уключылі вулічнае асвятленне. Усё замерла ў цемры. Самая захапляльная прыродная з’ява працягвалася 1 хвіліну і 14 секунд, пасля чаго святло зноў вярнулася ў Гродна. У 17:10 месяц канчаткова вызваліў дзённае свяціла.

 

 

Мінуўшы Беларусь цень прайшла праз Чарнігаў, Кіеў, Палтаву, Днепрапятроўск, Данецк, Марыупаль, Ставрапаль, Нальчык, Пяцігорск, Уладзікаўказ ў РСФСР, а таксама захапіла ўсходнюю частку Грузіі і перасякла Азербайджан. Увечары пляма цені закранула некаторыя рэгіёны Ірана, Афганістана і Пакістана. У паўночна-заходняй частцы Індыі зацьменне супала з захадам сонца.

 

Акрамя Гродна, у Беларусі можна было пабачыць поўнае сонечнае зацьменне ў Лідзе, Баранавічах, Слуцку і ў Мазыры. Пасля гэтага цень зацьмення на доўгія стагоддзі пакінула нашу краіну.

 

Наступны раз поўную фазу сонечнага зацьмення гарадзенцы змогуць ўбачаць у сваім горадзе толькі 2 верасня 2436 года.