Гарадзенцы – за спорт у кожны двор

|

Пасля таго як школьныя стадыёны агарадзілі плотам, для актыўных аматараў спорту стала сур’ёзнай праблемай знайсці месца для трэніровак.

 

Летам школьныя вароты адчыняюць пазней, чым падчас навучальнага году, а закрываюць раней. Тым, хто прывык бегаць перад працай (у 6-7 раніцы), а пасля ісці на турнікі, прыходзіцца падстройвацца пад сітуацыю. Часам замест турніка служаць дзіцячыя пляцоўкі і месцы для выбівання дываноў.

 

Увечары адбываецца такая ж сітуацыя. На жаль, да 20:00 не ва ўсіх атрымліваецца пазаймацца спортам. І не ва ўсіх атрымліваецца пералезці школьны плот.

 

Горад мае патрэбу ў турніках і вулічных трэнажорах. Калі зазірнуць у суседнія краіны, то гэты від дзейнасці развіваецца ў правільным кірунку. У падлеткаў ёсць час і на спорт – турнікі побач. У дарослых ад заняткаў спортам умацоўваецца здароўе.

 

Яўген распавядае, што нядаўна быў у Санкт-Пецярбургу, і там з вулічным спортам справы ідуць вельмі добра:


– У Расii вельмі папулярны рух workout – “разумны двор“. Маладыя хлопцы адкрываюць сумесна з мэрыяй Санкт-Пецярбурга двары з трэнажорамі і абноўленымі турнікамі, брусамі і лесвічкамі. Праводзяць там майстар-класы, здымаюць усё на відэа і распаўсюджваюць у сацыяльных сетках, тым самым папулярызуючы здаровы лад жыцця.


Аляксандр лічыць, што пры дваравых тэрыторыях вельмі патрэбныя трэнажоры:


– Не толькі трэнажоры павiнны быць, але і секцыі для дарослых, каб не піва пілі, а займаліся спортам. Тым самым будзе паляпшацца генафонд. Беларусы співаюцца. Трэба бегаць у лясныя масівы часцей. Я жыў у Маскве, калі Лужкоў запусціў праграму “спорт у кожны двор”. Выбівалі дошкі хакейных каробак, гнулі і зрэзалі турнікі. Усё для таго, каб у двары не збіраліся натоўпы маладых людзей. Матывавалі тым, што шумяць, п’юць, б’юцца, што страшна хадзіць. Усім не дагадзіць. Але вулічны спорт у нашым рэгіёне трэба развіваць.


Яраслаў ўсё жыццё займаецца спортам. І з-за закрыцця школьных стадыёнаў неаднаразова быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

 

Я люблю бег і турнікі. Мне кожны дзень трэба выконваць пэўную норму, але часам даводзіцца шукаць, дзе гэта рабіць. Раней стадыёны былі адкрыты і можна было займацца днём і ноччу. Зараз жа даводзіцца пералазiць плот. А ёсць і тыя, хто не можа пералезці гэты плот. Шкада старых, якія раней бегалі на стадыёне і там жа віселі на турніках. Дзе яны зараз займаюцца, не вядома…


Бывае, і на дзіцячай пляцоўцы мы займаемся, а пасля выслухоўваем папрокі. Увечары без пільнай увагі супрацоўнікаў міліцыі не абыходзіцца: чым займаешся, наркаман, “колёса” не краў і гэтак далей. Гараджане маюць патрэбу ў вулічным спорце. Кіраўніцтва горада быццам бы зацікаўленае ў развіцці спорту ў рэгіёне. Але ніякіх дзеянняў пакуль мы не назіраем. А год моладзі ў краіне ўжо скончваецца.