Андрэ Бём: Давайце разам рабіць Гродна і Гарадзеншчыну больш прывабнымі для замежнікаў

|

Першапачатковы сайт www.mein-grodno.eu быў прыдуманы як праект студэнтаў Гарадзенкага ўніверсітэта, якія працавалі над нямецкамоўным турыстычным даведнікам нашага рэгіёна. Але праект пайшоў сваім шляхам. Цяпер на сайце можна знайсці цікавыя і індывідуальныя тэксты пра розныя гарады, вёскі, цікавыя мясціны, пра адметнасці, гісторыю нашага краю, яго культуру (мастацтва, музыка, тэатр, літаратура), а таксам карысную інфармацыю для турыста накшталт таго, дзе можна спыніцца або паесці, пра музеі, шопінг, грамадскі транспарт і г. д.

 

Стваральнік сайта Андрэ Бём адказаў на пытанні “Твайго стылю”.

 

Як даўно вы жывеце ў Гродне і чым займаецеся?


– У Гродне я жыву чатыры гады. Гэты час я працаваў у ГрДУ, выкладаў нямецкую мову і літаратуру, перад гэтым адзін год жыў у Нямеччыне, выкладаў там беларускую літаратуру, а да гэтага пяць гадоў выкладаў нямецкую мову і літаратуру ў БДУ ў Мінску. Раней я вучыўся ў БДУ, па абмену, займаўся рознымі праектамі.

 

Дзе вы так выдатна вывучылі беларускую мову?


– У БДУ. У мяне была цудоўная выкладчыца, файны чалавек, яна вельмі старалася мяне навучыць. Я прыехаў на навучанне ў БДУ ў 1999-м годзе. Да таго моманту, напэўна, замежнікі не вывучалі беларускую мову. То бок, я быў адным з першых навучэнцаў, а яна была адным з першых выкладчыкаў беларускай мовы для замежнікаў. Потым яшчэ меў зносіны з рознымі людзьмі культуры, літаратарамі, дзякуючы якім вывучаў беларускую мову.

 

Немец Андрэ Бём: “Мару перакласці “Каласы пад сярпом тваім”

 

Як з’явілася ідэя стварэння нямецкамоўнага сайта пра Гродна?


– Спачатку гэты праект быў задуманы хутчэй як студэнцкі. Мы хацелі зрабіць сапраўдны турыстычны даведнік пра Гродна для нямецкамоўных наведвальнікаў. Першапачаткова я хацеў, каб гэта была кніжка, але было вельмі складана знайсці выдавецтва. Бо калі я, як немец, звяртаўся ў беларускае выдавецтва, яны думалі: “Ага, ты нам зараз грошай нанясеш”. Але з грашыма было вельмі складана. Таму я знайшоў праграміста, які дапамог мне са стварэннем сайта.

 

Для мяне гэта быў эксперымент, праект такога кшталту я яшчэ ніколі не рабіў. Таму я проста вырашыў зрабіць не кніжку, а сайт і пашырыць працу яшчэ і на Гарадзенскую вобласць, таму што на маю думку там шмат цікавых мясцінаў. Увогуле, Гарадзенская вобласць з усіх беларускіх самая цікавая.

 

Хто працуе над сайтам? 


– Я далучыў студэнтаў да праекту. Асаблівасць гэтага сайту заключаецца ў тым, што мы хацелі зрабіць турыстычны даведнік, які адрозніваецца ад стандартных, якія можна знайсці ў Беларусі. Тыпу: “У гэтым доме жыў такі вось выдатны чалавек і ўсё ў нас так крута”. Мы хацелі зрабіць альтэрнатыўны праект, таму студэнты і я пісалі пра розныя мясціны, вёскі, гарады, пра выбітнасць Гродна. Студэнты таксама пісалі пра свае любымія месцы ў горадзе. Я сам уключыў у праект вельмі шмат тэкстаў.

 

Фактычна, у стварэнні даведніка ўдзельнічалі тры пакаленні студэнтаў. Першыя тэксты былі напісаны недзе ў 2011-м годзе, якраз калі я пачаў тут працаваць. Другія тэксты былі напісаны ў 2013-м годзе, і яшчэ ў гэтым з’явілася шмат новых.

 

А калі з’явіўся сам сайт?


– Афіцыйна ён быў зроблены яшчэ ў мінулым годзе, але даступным для публікі стаў толькі апошнія тры-чатыры месяцы.

 

У чым унікальнасць вашага сайту, акрамя таго, што ён на нямецкай мове? Што там ёсць такога, чаго няма ў іншых праектах такога кшталту?


– Збольшага ўнікальным яго робіць тое, што мы пісалі ўсё самі. Гэта не проста інфарматыўныя тэксты, гэта яшчэ эсэ, то бок студэнты пісалі суб’ектыўныя тэксты, з іх пункту гледжання.

 

А вы ўпэўненыя, што яны гэта пісалі самастойна, а не ўзялі, напрыклад, з Вікіпедыі?


– Гэта я правяраў. Сапраўды, былі такія выпадкі, я беларускіх студэнтаў ужо добра ведаю, ды і нямецкія таксама часткова такія. Былі такія выпадкі, калі студэнты дасылалі мне тэксты менавіта з нямецкай Вікіпедыі, былі і такія выпадкі, калі яны бралі тэксты з беларускай або рускай Вікіпедыі і перакладалі. Але пераклад тэкстаў, я думаю, таксама творчы працэс.

 

Што важна, мы не ўсе тэксты размяшчалі на сайт, а тыя, што размяшчалі, развівалі і дараблялі на працягу тыдняў або месяцаў. Студэнты былі ў кантакце са мною, яны дапрацоўвалі свае тэксты, дасылалі мне новыя варыянты. Бо я заўсёды бачу перад сабой мэту размяшчаць на сайт добрыя матэрыялы, добра абгрунтаваныя і такія, якіх дагэтуль не было.

 

Студэнты звычайна пішуць на беларускай мове, а потым тэксты перакладаюць, ці адразу на нямецкай?


– Я выкладаю нямецкую мову і літаратуру, тэксты пішуць, у асноўным, мае студэнты. Студэнты-філолагі ў прынцыпе добра ведаюць замежныя мовы. Таму мае студэнты, якія ўдзельнічалі ў праекце, адразу пісалі па-нямецку. Але ў праекце можа ўдзельнічаць кожны чалавек. І калі ён дасылае тэкст, напісаны па-беларуску або па-руску, такія тэксты перакласці не праблема.

 

Сам сайт выключна нямецкамоўны. На ім ёсць сервісная частка, дзе пазначана вельмі шмат месцаў, дзе можна спыніцца, кавярні, рэстараны. Таксама ёсць інфармацыя, як можна на транспарце кудысьці дабрацца. То бок, на сайце змяшчаецца вельмі карысная інфармацыя для нямецкамоўных турыстаў.

 

Кожны жадаючы можа дапамагчы сайту ў развіцці, тым самым дапамагаючы Гродна і вобласці стаць больш прывабнымі для замежнікаў. Пішыце тэксты пра свае любімыя мясціны і дасылайце іх на пошту daad.boehm@gmail. Вашая праца не застанецца бясплённай.